«Выбаў няма, выбар ёсьць: ня быць скотам»

У Менску адбылася масавая вулічная акцыя «Шэсьце нацыянальнага сьцяга», прымеркаваная да выбараў прэзыдэнта, якія адбудуцца 11 кастрычніка.

У Менску адбылася масавая вулічная акцыя «Шэсьце нацыянальнага сьцяга», прымеркаваная да выбараў прэзыдэнта, якія адбудуцца 11 кастрычніка. Гэта заключнае ў перадвыбарчай агітацыйнай кампаніі вулічнае шэсьце адбылося на заклік шэрагу апазыцыйных лідэраў. Удзел у мітынгу і шэсьці, паводле розных падлікаў, прынялі ад 500 да 1500 чалавек.

Шэсьце нацыянальнага сьцяга ў Менску. Выніковы фотарэпартаж

Напачатку людзі сабраліся на плошчы Свабоды ў цэнтры Менску. Многія трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сьцягі і плякаты: «Лукашэнка, цябе чакае Майдан», «Тыран! Беларусы разрываюць з табой кантракт», «Надакучыла варыць боршч», «Мы хочам жыць». Некалькі плякатаў утрымлівалі цытаты з выказваньняў нобелеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч: «Я не барыкадны чалавек, але ўвесь час цягне на барыкады. Таму што сорамна, сорамна за тое, што адбываецца», «Я, вядома, хацела б, каб Беларусь была падобная да скандынаўскіх краінаў. Альбо хаця б на тое, як выглядае Прыбалтыка».

На плошчы Свабоды каля менскай ратушы перад пачаткам шэсьця адбыўся кароткі мітынг. Зьвяртаючыся да прысутных, адзін зь лідэраў апазыцыі Мікола Статкевіч:

«Мы скарысталіся момантам, пакуль Лукашэнка глядзіць на міжнародных назіральнікаў, дбаючы пра легітымнасьць, і хочам правесьці акцыю ў цэнтры Менску, каб адваяваць сабе крыху прасторы свабоды. Каб правесьці акцыю ў цэнтры Менску і паказаць нашаму запалоханаму народу, што ёсьць людзі, якія не баяцца. Што ёсьць людзі, якія дбаюць пра тое, каб Беларусь стала вольнай, а яе жыхары не жылі ў страху».

Мікола Статкевіч падкрэсьліў, што гэта апошняя акцыя: апоўначы сканчаецца тэрмін перадвыбарчай агітацыі, які абараняў людзей ад рэпрэсіяў: «Месячнік свабоды заканчваецца, і мы зробім гэта годна».

Паэт і палітык Уладзімер Някляеў у інтэрвію журналістам яшчэ да пачатку акцыі падкрэсьліў, што ўлады Беларусі зрабілі ўсё магчымае, каб запалохаць народ, паводле прыкладу Ўкраіны. Менавіта тэлепрапаганда хлусьні сталася вынікам таго, што на акцыі пратэсту прыходзіць мала людзей. Уладзімер Някляеў таксама выказаў абурэньне намерамі эўрапейцаў адмяніць санкцыі супраць высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў. Зьвяртаючыся да мітынгоўцаў ён прамовіў:

«Воля і Свабода не прыходзяць да тых, хто да іх абыякавы. Не бывае так, каб абыякавыя людзі займелі свабоду. Свабода дасягаецца намаганьнямі нацыянальнага духу, рашучасьцю і сьмеласьцю. Бяз гэтага свабоды не бывае. Каб у нас не было свабоды, беларускі рэжым запалохвае з году ў год сьмелых беларусаў гэтай самай свабодай і дэмакратыяй. Маўляў, паглядзіце што сталася з Украінай, якая захацела свабоды і дэмакратыі. Гэта самая вялікая хлусьня, якая можа быць. Гэта рабская філязофія тых, хто валадарыць сёньня над Беларусьсю. І гэта жаданьне пакінуць нас усіх рабамі да скону. Гэтага нельга дапусьціць і гэтага ня будзе, як бы нас хто ні запалохваў».

Анатоль Лябедзька, прамаўляючы да прысутных сказаў словамі яшчэ аднаго беларускага клясыка-паэта: «Выбараў няма, але ёсьць выбар: ня быць скотам».

Анатоль Лябедзька, Уладзімер Някляеў і Мікола Статкевіч (зьлева направа)

Уладзімер Някляеў, Мікола Стакевіч і Анатоль Лябедзька сталі на чале шэсьця, якое неўзабаве рушыла з плошчы Свабоды да плошчы Якуба Коласа. Людзі ішлі па ходніках, але рэдка спыняліся на чырвонае сьвятло. Яны скандавалі: «Жыве Беларусь», «Верым, можам, пераможам», «Саша, сыходзь» і многія іншыя лёзунгі. Калёну суправаджалі шмат супрацоўнікаў міліцыі, якія былі пераапранутыя ў цывільнае адзеньне. Яны здымалі ўдзельнікаў акцыі на відэа, але не перашкаджалі шэсьцю. Калёна прайшла па вуліцы Леніна і праспэкце Незалежнасьці. Каля помніка Якубу Коласу на аднайменнай плошчы адбыўся кароткі заключны мітынг.

Лідэры апазыцыі на пытаньні журналістаў адносна магчымых вулічных акцыяў у дзень выбараў 11 кастрычніка заявілі, што малая колькасьць удзельнікаў не дае ім маральнага права заклікаць людзей на плошчу. Адначасна некаторыя грамадзкія актывісты выказалі настроі сабрацца на плошчы ў дзень галасаваньня самастойна.