Някляеў: Гайдукевіч, Улаховіч і Караткевіч клічуць не на Плошчу, а на выбарчыя ўчасткі
Экс-кандыдат у прэзыдэнты, адзін з арганізатараў менскіх акцыяў пратэсту гэтай восеньню Ўладзімер Някляеў лічыць, што масавыя пратэсты пасьля выбараў немагчымыя, бо ніхто з кандыдатаў ня кліча народ на Плошчу:
«У 2010 годзе ўсе амаль кандыдаты заклікалі сваіх выбаршчыкаў на Плошчу для таго, каб ня толькі пратэставаць супраць фальсыфікацыяў, але і бараніць тыя галасы, якія яны аддалі за таго ці іншага кандыдата. І гэты заклік быў цалкам зразумелы для тых людзей, якія галасавалі на выбарах за Саньнікава, Някляева, Статкевіча і іншых. Была і зразумелая матывацыя тых, хто выйшаў у цэнтар гораду пасьля сканчэньня галасаваньня.
Сёньня апазыцыйныя палітыкі заклікаюць людзей на пратэстную акцыю 10 кастрычніка. Гэтая акцыя будзе скіраваная супраць масавых фальсыфікацыяў, якія адбыліся падчас папярэдняга галасаваньня, у выніку чаго мы ўжо маем 20% выбаршчыкаў, якія прагаласавалі. Але гэтыя палітыкі не заклікаюць бараніць свае галасы пасьля галасаваньня, бо яны ня бралі ўдзелу ў гэтых выбарах. Лягічна было б чакаць заклікаў
Мяркуючы па акцыях, якія апазыцыйныя лідэры ладзяць у агітацыйны пэрыяд у цэнтры Менску, пратэстнай масы недастаткова для таго, каб, не рызыкуючы людзьмі, заклікаць людзей на Плошчу.
на Плошчу 11 кастрычніка ад тых людзей, якія бяруць удзел у выбарчай гонцы, — ад Гайдукевіча, Улаховіча і Караткевіч. Ніводнага закліку мы не пачулі. Наадварот, усе гэтыя асобы заклікаюць не на Плошчу, а на выбарчыя ўчасткі — каб выбаршчыкі прыйшлі і прагаласавалі. Таму гэта значна аслабляе пратэстны патэнцыял. Людзі ня могуць уцяміць, дзеля чаго ім ісьці на Плошчу. Гэта вынік памылкі апазыцыі, дапушчанай падчас падрыхтоўкі да выбараў 2015 году, калі быў заблякаваны адзіны кандыдат і адзіная праграма ад апазыцыі.
Мяркуючы па акцыях, якія апазыцыйныя лідэры ладзяць у агітацыйны пэрыяд у цэнтры Менску, пратэстнай масы недастаткова для таго, каб, не рызыкуючы людзьмі, заклікаць людзей на Плошчу».
Кастусёў: Адбываецца ігнор выбараў і ігнор Плошчы
Намесьнік старшыні Партыі БНФ, які быў кандыдатам у прэзыдэнты ў 2010 годзе, Рыгор Кастусёў таксама думае, што ніякіх масавых пратэстаў у сувязі з вынікамі выбараў ня будзе. Палітык лічыць, што ўсе чацьвёра кандыдатаў маюць падобныя праграмы, таму няважна, хто зь іх пераможа:
«Сёлета ні ў Менску, ні ў іншых гарадах ня будзе масавых пратэстаў пасьля выбараў. Чаму? Па-першае, таму, што ад кандыдатаў у прэзыдэнты не гучыць залікаў выходзіць на Плошчу. Па-другое, таму, што палітычна актыўная грамада ў сваёй большасьці ігнаруе прэзыдэнцкую кампанію. А праігнараваўшы кампанію, няма чаго ісьці на Плошчу. Адбываецца ігнор выбараў і ігнор Плошчы. Такая сытуацыя склалася таму, што апазыцыя ня здолела дасягнуць згоды ў вызначэньні адзінага кандыдата. У выніку ўсе партыі засталіся па-за ўдзелам у выбарчай кампаніі — няма ніводнага кандыдата, які б прадстаўляў апазыцыйную партыю. Гэта ўсё цягне за сабой тое, што актыўнасьці ўвечары 11 кастрычніка чакаць не выпадае.
Палітычна актыўная грамада ў сваёй большасьці ігнаруе прэзыдэнцкую кампанію. Адбываецца ігнор выбараў і ігнор Плошчы.
У 2010 годзе сабралася вялікая Плошча, таму што было шмат апазыцыйных кандыдатаў. У выніку была вельмі вялікая цікавасьць да выбараў сярод не заангажаваных у палітыку людзей. Цяпер цікавасьці да выбарчай кампаніі сярод насельніцтва амаль няма. Няма інтрыгі, усе разумеюць, якія будуць вынікі.
Цяпер маем чатырох кандыдатаў у прэзыдэнты. Але ідуць яны зь вельмі падобнымі праграмамі — кансэрвацыя сытуацыі, якая ёсьць цяпер у Беларусі, узмацненьне саюзу з Расеяй, узмацненьне ўдзелу Беларусі ў Эўразійскім эканамічным саюзе. У выніку хто б ні перамог — няма супраць чаго пратэставаць. Для мяне няма асаблівай розьніцы, будзе прэзыдэнтам Лукашэнка, Гайдукевіч, Улаховіч ці Караткевіч — я ня бачу розьніцы ў падыходах да плянаваньня будучыні Беларусі. Атрымліваецца, што няма чаго адстойваць на Плошчы».
Дашкевіч: Кандыдаты ўжо пагадзіліся з адсоткамі, якія ім напіша Ярмошына
Моладзевы лідэр Зьміцер Дашкевіч, які браў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы акцыяў пратэсту пасьля выбараў 2001, 2006 і 2010 году, ня бачыць патэнцыялу для масавай акцыі:
«Сёньня няма падставаў чакаць масавых пратэстаў на Плошчы пасьля сканчэньня галасаваньня. Мы бачым кандыдатаў, якія заяўляюць, што Плошча ім ня трэба. А гэта значыць, што яны пагаджаюцца з тымі адсоткамі, якія напіша ім Ярмошына. Раней дэмакратычныя кандыдаты заклікалі на Плошчу, аргумэнтуючы гэта тым, што народ, выйшаўшы на акцыю пратэсту, можа прымусіць улады падлічыць галасы. Вядома, можна крытыкаваць арганізацыю пратэсту ў 2010 годзе, але тады народ сапраўды прадэманстраваў, што ён не жадае жыць у багне. І нават Лукашэнка быў вымушаны зазначыць, што ў грамадзтве ёсьць 20-адсоткавая меншасьць. Я перакананы, што калі б не было Плошчы-2010, то гэтыя пяць гадоў мы б жылі ў нашмат больш таталітарнай дзяржаве.
Сёньня ўсе разумеюць, што выхад на Плошчу ні да чога не прывядзе
Палітыкі, якія балятуюцца зараз, на маю думку, не прадстаўляюць апазыцыю. І нават калі нейкі грамадзкі дзяяч закліча выходзіць у цэнтар гораду, вялікая колькасьць людзей не зьбярэцца. Я са свайго досьведу магу распавесьці, што мы рыхтаваліся да Плошчы і ў 2001, і ў 2006, і ў 2010 гадах. І людзі выходзілі, бо разумелі, што прэзыдэнцкая кампанія давала хоць нейкі шанец на перамены. Была вера, што выхад у цэнтар гораду, магчыма, памятыя косьці і пабіты твар дадуць нейкі пазытыўны вынік. Сёньня ўсе разумеюць, што выхад на Плошчу ні да чога не прывядзе».
Рымашэўскі: Байкот стаў нашай Плошчай-2015
Экс-кандыдат у прэзыдэнты, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі кажа, што сёлета пратэст выкажуць, не пайшоўшы на выбары. Але ня выключыў імавернасьці і масавых акцыяў на Плошчы:
«Верагоднасьць рэальных масавых пратэстаў у Беларусі ёсьць у любы момант. І гэтыя масавыя пратэсты рыхтуе сама ўлада, татальна фальсыфікуючы выбары і непаважна ставячыся да людзей, заганяючы іх на датэрміновае галасаваньне. Не гаворачы ўжо пра стан у эканоміцы. Таму масавыя акцыі пратэсту могуць выбухнуць у любы момант, у тым ліку 11 кастрычніка ўвечары. Адзінае, не павінна быць правакацыяў 2010 году — акцыя павінна быць толькі мірнай і негвалтоўнай.
Ніхто не заклікае бараніць галасы, таму што гэтым разам бараніць няма чаго і няма каго.
Ніхто не заклікае бараніць галасы, таму што гэтым разам бараніць няма чаго і няма каго. Па сутнасьці, усе кандыдаты выкарыстоўваюць вельмі абцякальныя фразы ў дачыненьні да дзейнага прэзыдэнта — а гэта сыгнал, які дэматывуе людзей ісьці на пратэст. Таму людзі ня стануць бараніць тройку Гадукевіч-Улаховіч-Караткевіч. Зрэшты, вялікая колькасьць беларусаў і галасаваць ня пойдзе. І, насамрэч, гэты байкот выбараў і стане асноўным пратэстам. Байкот стаў нашай Плошчай, таму што няма кандыдата, які б мог змагацца за адстойваньне галасоў».
Статкевіч: Няма Плошчы, бо няма сапраўднага кандыдата
Былы палітвязень, экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч кажа, што ўлады ўжо сфальсіфікавалі выбары, калі складалі сьпіс кандыдатаў. На думку палітыка, ня бачачы шансу на перамены, беларусы ня пойдуць на выбары:
«Вялікага патэнцыялу, на жаль, няма. Беларусы — людзі практычныя. Яны выходзяць тады, калі ёсьць шанец на рэальныя зьмены. А на тое, каб выйсьці для дэманстрацыі свайго пратэсту і пазыцыі, здольныя вельмі нямногія. Шанец на масавы пратэст у Беларусі ўзьнікае тады, калі нейкі кандыдат, пабачыўшы, як сфармаваныя выбарчыя камісіі, як ідзе датэрміновае галасаваньне, зьвяртаецца праз СМІ да народу і кажа, што рыхтуюцца фальсыфікацыі, таму трэба выходзіць на Плошчу. Да гэтага часу нам не ўдавалася аказаць такі ціск, каб улада пачала па-сапраўднаму лічыць галасы, але ранейшыя пратэсты мелі вялікі маральны сэнс.
Я прынцыповы праціўнік байкоту. Я перакананы, што падчас прэзыдэнцкіх выбараў трэба ісьці і змагацца, бо гэта адзіны шанец на мірныя перамены. Але нам не пакінулі выбару. Няма сапраўднага кандыдата. Ніводзін з цяперашніх кандыдатаў не заклікаў да пратэсту, клічуць толькі на выбарчыя ўчасткі. Было б нармальна казаць
За каго змагацца, калі самі кандыдаты ня вераць у сваю перамогу і ня клічуць да змаганьня?
„Прыходзьце на выбары і на Плошчу“. Калі яны так ня кажуць, хто яны — зазывалы? А калі кандыдат ня кліча, то людзі ня ведаюць, за што выходзіць на Плошчу. За каго змагацца, калі самі кандыдаты ня вераць у сваю перамогу і ня клічуць да змаганьня? Магчыма, нейкія людзі выйдуць на вуліцу і бяз заклікаў кандыдатаў. І, магчыма, нехта з гэтых зазывалаў далучыцца да гэтых дзьвюх сотняў людзей, каб такім чынам пазьбегнуць крытыкі з боку дэмакратычнай супольнасьці.
Мне дата 11 кастрычніка 2015 году нецікавая. Я ведаю, што выбары былі фальсыфікаваныя на ўзроўні фармаваньня складу кандыдатаў. Кампанія адбылася яшчэ летам. Цяпер я спрабую хоць неяк выкарыстаць яе, адваяваць нейкую прастору свабоды. Пяць гадоў у цэнтры Менску не было апазыцыйнага мітынгу. Я спрабую трохі рэанімаваць грамадзтва, разварушыць гэтыя палітычныя могілкі».