Жарэс Алфёраў: Алексіевіч — віншую, беларуская мова — мая, а Быкава я ведаў асабіста

Нобэлеўскай ляўрэат па фізыцы Жарэс Алфёраў вітае ўганараваньне Сьвятланы Алексіевіч і хоча запрасіць яе ў свой ўнівэрсытэт.

Жарэс Алфэраў нарадзіўся ў 1930 годзе ў Віцебску. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па фізыцы (2000 г.) за разьвіцьцё паўправадніковых гітэраструктураў для высокахуткаснай оптаэлектронікі. Дэпутат Дзяржаўнай думы РФ ад КПРФ, віцэ-прэзыдэнт Расейскай Акадэміі навук.

Навумчык: Спадар Алфёраў, вы нарадзіліся ў Беларусі. Як вы ўспрынялі наданьне Нобэлеўскай прэміі Сьвятлане Алексіевіч?

Алфёраў: Я вельмі рады, што беларуская пісьменьніца атрымала Нобэлеўскую прэмію. Я усё шукаю яе электронную пошту, каб даслаць ёй віншаваньне.

Навумчык: А вы што-небудзь чыталі Алексіевіч?

Алфёраў: Я праглядаў, разумееце. Адзінае, што я крыху больш глядзеў — гэта «У вайны не жаночае аблічча». Я магу сказаць наступнае. Гэта шосты пісьменьнік, які піша па-расейску — яна беларуска, так, — але гэта шосты пісьменьнік, які атрымаў Нобэлеўскую прэмію пасьля Буніна, Пастарнака, Шолахава, Салжаніцына і Бродзкага. І Алексіевіч. Але, за выключэньнем Шолахава, ва ўсіх астатніх Нобэлеўскіх прэміях, я б сказаў, быў элемэнт антысаветызму ў працах, за які надавалася Нобэлеўская прэмія. Я думаю, менш за ўсё гэта было ў Бродзкага. Прэмія Бродзскага ў мяне выклікала выключна станоўчую рэакцыю яшчэ і таму, што ён прадэманстраваў бліскучыя здольнасьці адначасна і як расейскі, і як ангельскі паэт.

Навумчык: А вы ня бачыце нейкага палітычнага складніку?

Алфёраў: Напэўна, напэўна ён, магчыма, і ёсьць, але ў выпадку са Сьвятланай Алексіевіч... Па-першае, ужо часы іншыя, гэта раз. Па-другое, у мяне такое ўнутранае перакананьне, што ў яе гэта абсалютна шчыра. Я ня ўпэўнены, скажам, у шчырасьці Салжаніцына, у тым ліку і ў ягоным «Гулагу», і ў шмат якіх іншых рэчах. Хаця ён канечне, цудоўны пісьменьнік, і для мяне «Матронін двор» — яго лепшы твор. А вось у Алексіевіч, я думаю, гэта цалкам шчыра. Можна пра гэта размаўляць. Я думаю, я б з задавальненьнем зь ёй сустрэўся і паразмаўляў. І ў нашай Беларусі, і запрасіў бы яе да сабе ў акадэмічны ўнівэрсытэт. Я абавязкова яе прачытаю. Але з таго, што я цяпер пасьпеў паглядзець, гэта, безумоўна, шчыра і цікава. І я думаю, што яна цалкам заслужыла прэмію.

Навумчык: Вы родам зь Віцебску. Скажыце, а віцябляне і ўвогуле беларусы могуць вас таксама лічыць «сваім» нобэлеўскім ляўрэатам?

Алфёраў: Ну, а як жа? Беларусы мяне і лічаць сваім нобэлеўскім ляўрэатам. Ня толькі віцябляне, але й мянчане. І калі я прыяжджаю ў Беларусь, я прыяжджаю ў сваю родную краіну.

Навумчык: Гэта справядліва так лічыць?

калі вы сёньня едзеце на аўтамабілі з Расеі ў Беларусь, у Пскоўскай вобласьці (асабліва летам гэта дакладна бачна) вы едзеце між палёў, што парасьлі бур’янам, — а потым пераяжджаеце і трапляеце ў сучасную, цывілізаваную эўрапейскую краіну.

Алфёраў: Ну я там ня толькі нарадзіўся, я там скончыў школу. Мае бацькі пражылі практычна ўсё жыцьцё там. У мяне ўсе беларускія карані. Я люблю наш цудоўны народ. Я магу сказаць, што я неаднаразова казаў, што калі вы сёньня едзеце на аўтамабілі з Расеі ў Беларусь, у Пскоўскай вобласьці (асабліва летам гэта дакладна бачна) вы едзеце між палёў, што парасьлі бур’янам, — а потым пераяжджаеце і трапляеце ў сучасную, цывілізаваную эўрапейскую краіну.

Навумчык: І такое пытаньне, паколькі вы — для мяне, прызнацца, нечакана — выявілі такія адносіны да Бродзкага, і як фізык выказалі добрае веданьне літаратуры. Цяпер шмат пішацца (і New Yorker сёньня напісаў), што ўпершыню за доўгі час атрымала прэмію аўтар літаратуры нон-фікшн — не бэлетрыстыкі, не раманаў мастацкіх, а менавіта аўтар дакумэнталістыкі. Гэта ўпершыню пасьля Чэрчыля.

Алфёраў: Разумееце, ёсьць вялікая розьніца паміж дакумэнталістыкай Чэрчыля і творамі Сьвятланы Алексіевіч. Дакумэнталістыка Чэрчыля... Я думаю, тады шмат хто быў зьдзіўлены Нобэлеўскай прэміяй па літаратуры. Канечне, Чэрчыль цудоўна пісаў свае прамовы. Прэмія была нададзеная за шасьцітамовік мэмуараў. Вядома, што калі ў 1953 годзе Чэрчылю паведамілі, што ён ляўрэат Нобэлеўскай прэміі, ягоная рэакцыя была такая: «Спадзяюся — не за мір?» Гэтым самым, дарэчы, ён адразу паставіў прэмію за мір на пэўны ўзровень. Вось. Але ў Чэрчыля — гэта дакумэнталістыка, і большая частка шасьцітамовіка — гэта дакумэнты, акрамя ўсяго іншага. Хаця месцы ёсьць бліскуча напісаныя. Я да гэтага часу ў захапленьні ад ягонай бліскучай прамовы 22 чэрвеня 1941 году. А Алексіевіч — гэта ўсё ж і журналістыка, і літаратура. Літаратура! Магчыма, нават новы жанр літаратуры... Хаця, напэўна, не яна зьяўляецца тут першым аўтарам. Не дарэмна і Алеся Адамовіча прыгадваюць.

Навумчык: І Данііла Граніна ...

Алфёраў: Данііла Граніна ў меншай ступені, Адамовіч больш яркі ў гэтым пляне, хаця, магчыма, у мяне не зусім аб’ектыўны погляд. Гэта — літаратура. І не дарэмна яны адзначылі, што ў літаратуры, якую яна стварыла, галасы людзей чуюцца. Але гэта трэба было змагчы напісаць! Таму яна для мяне — пісьменьніца, я шкадую, што я мала яе чытаў. І канечне, прачытаю і буду рады зь ёй пазнаёміцца.

Навумчык: А каго зь беларускіх пісьменьнікаў вы ведаеце, акрамя Адамовіча? Магчыма, Быкава?

Алфёраў: Ну, Васіля Быкава я ведаў асабіста і вельмі добра да яго ставіўся. Увогуле, трэба сказаць, што калі вучыўся ў школе пасьля вайны ў Менску, дык маім бліжэйшым сябрам быў Ігар Атраховіч, сын Кандрата Крапівы. І пісьменьнікаў таго часу — і Коласа, і Міхася Лынькова, і Пятруся Броўку, і Пятра Глебку, і Куляшова — я ўсіх іх ведаў! Юнаком іх ведаў. Я вельмі захапляўся Куляшовым. Ягоная паэма «Сьцяг брыгады» — гэта бліскучы твор.

Навумчык: Вы напэўна, маглі б і па-беларуску размаўляць, калі б прыгадалі?

Алфёраў: (Пераходзіць на беларускую) А як жа? Гэта ж мая мова.

Навумчык: Усяго добрага вам і дзякуй за гутарку!

Алфёраў: Калі ласка!