Ад абеда ўчорашняга дня ў менскіх кнігарнях звышпопыт на кнігі Сьвятланы Алексіевіч. Пасьля таго, як стала вядома пра прысуджаную пісьменьніцы Нобэлеўскую прэмію, менчукі кінуліся скупляць ейныя кніжкі. Свабода абтэлефанавала галоўныя кнігарні.
Цэнтральная кнігарня: Калі хочаце пасьпець, пасьпяшайцеся
— Кніг «Апошні сьведка» яшчэ шмат, але «Чарнобыльскай малітвы» толькі пару асобнікаў засталося. Алексіевіч заўжды пытаюць, але ўчора пасьля абеду быў вялікі наплыў. Калі хочаце пасьпець, лепш пасьпяшайцеся.
«Светач»: Нічога няма, мы замовілі новыя кнігі
— Ня ведаю, як учора, сёньня нічога няма. Мы замовілі новыя кнігі Алексіевіч, у бліжэйшы час будуць. Будзе нешта з апошняга, як «Час сэканд хэнд» і іншыя выданьні.
Кнігарня «Логвінаў»: Кнігі ёсьць і будуць
— У нас ёсьць «Час сэканд хэнд» па-беларуску выдавецтва «Логвінаў». Кошт аднаго асобніка — 157 900 тысяч рублёў — гэта ранейшы кошт, плянуецца, што ён такім і застанецца. Ад учора прыходзяць і набываюць па 3-7 сем кніг на рукі. Але кнігі ёсьць і будуць.
«Акадэмкнига»: Шмат і на розных мовах
— Людзі набываюць, але ў нас у наяўнасьці пакуль шмат кніг Алексіевіч на розных мовах.
Інтэрнэт-крама «Белкнігі»: Шмат кніг расейскага выдавецтва
У інтэрнэт-краме «Белкніга» прадаюцца чатыры выданьні Алексіевіч: «Час сэканд хэнд», «Цынкавыя хлопчыкі», «У вайны не жаночы твар» і «Чарнобыльская малітва». Усе кнігі — расейскага выдавецтва. Кошт — ад 202 100 да 235 900 рублёў.