Дадатак для мабільных тэлефонаў «Казкі Беларусі» для дзяцей і дарослых у менскай галерэі «Ў» прэзэнтавала кампанія «Kinderfoх». Гэта дзевяноста тры казкі, якія па-беларуску агучыў лідэр гурта «Палац» Алег Хаменка. Аўдыёвэрсія праекту суправаджаецца ілюстрацыямі ў нацыянальнай традыцыі, мастачкі Юлі Рудніцкай. Як паведамляюць распрацоўнікі, мабільныя «Казкі Беларусі» даступныя для спампоўваньня за невялікую плату.
«Усе казкі падзеленыя на пяць разьдзелаў: казкі для дзяцей, казкі пра жыцьцё, казкі пра жывёлаў, казкі для дарослых і чароўныя казкі. Упэўненыя, што кожны зможа знайсьці казку, адпаведную ягонаму настрою і сьветапогляду», — кажа прадусар мабільнага дадатку Андрэй Залатар.
Лідэр этна-гурта «Палац», зьбіральнік і выканаўца беларускіх народных казак Алег Хаменка гэтак патлумачыў свой удзел у праекце:
«Я ня проста музыка, а музыка, які па жыцьці зьвязаны з фальклёрам. Бо для таго, каб граць нацыянальную музыку, трэба было адштурхнуцца ад фальклёру. Вось гэтае жаданьне яшчэ раз пераасэнсаваць наш фальклёр было вельмі важным, і казкі тут граюць значную ролю. У іх можна знайсьці новыя вобразы, новыя сюжэты — і гэта тая нашая спадчына, якая ёсьць скарбам, які цяжка скрасьці».
Карыстальнікам мабільных тэлефонаў кампанія «Kinderfoх» вядомая такімі праектамі, як «Беларуская азбука для іPad», «Простая навука», «Панда WWF» і іншымі.