Толькі тры чалавекі з постсавецкіх краін атрымлівалі Нобэля пасьля 1991 году. Два зь іх — беларусы

Сьвятлана Алексіевіч

Нобэлеўская прэмія, якую выйграла Сьвятлана Алексіевіч, — трэцяя на постсавецкай прасторы, лічачы з 1991 году. Зь вялікага сьпісу расейскіх ляўрэатаў толькі два чалавекі — грамадзяне Расеі. Прычым адзін зь іх — Жарэс Алфёраў — беларус.

Большасьць нобэлеўскіх ляўрэатаў, якімі ганарацца Беларусь, Украіна, Расея, Літва й Латвія, атрымалі прэмію да 1991 году, будучы грамадзянамі Савецкага Саюзу.

Жарэс Алфёраў

Пасьля 1991 году толькі трое грамадзянаў постсавецкіх краінаў атрымалі Нобэлеўскую прэмію. У 2000 годзе за разьвіцьцё паўправадніковых гетэраструктур для высакахуткаснай оптаэлектронікі Нобэлеўскую прэмію атрымаў Жарэс Алфёраў. Расейскі грамадзянін, ён нарадзіўся ў Віцебску, адвучыўся ў Менску і ўжо па сваю другую вышэйшую адукацыю паехаў у Ленінград.

Віталь Гінзбург

У 2003 годзе за ўнёсак у разьвіцьцё тэорыі звышправоднасьці і звышцякучасьці Нобэлеўскую прэмію па фізыцы атрымаў расеец Віталь Гінзбург.

Яшчэ чатыры расейцы на момант уручэньня прэміі ўжо былі грамадзянамі іншых краінаў.

Больш грамадзяне постсавецкіх краін не атрымлівалі Нобэля.

Сёньня Нобэлеўскай прэміяй была ўзнагароджана беларуска Сьвятлана Алексіевіч.