Яшчэ чатыры выхадцы зь Беларусі, што атрымлівалі Нобэля як грамадзяне іншых краін

Сьвятлана Алексіевіч стала першай грамадзянкай незалежнай Беларусі, што атрымала Нобэлеўскую прэмію. Яшчэ чатыры нобэлеўскія ляўрэаты, народжаныя на тэрыторыі Беларусі, атрымалі прэмію як грамадзяне іншых краін. Свабода ўзгадала, хто з нашых землякоў, за што і як грамадзяне якіх краінаў атрымліваў Нобэля.

Сямён Кузьнец (грамадзянін ЗША) — Нобэлеўская прэмія па эканоміцы ў 1971 годзе.

Мэмарыяльная дошка Сямёну Кузьняцу на будынку Харскаўскага камэрцыйнага інстытуту

Сямёна Кузьняца сёньня ў сьвеце ведаюць лепш як Саймана Сьміта Кузьняца (Simon Smith Kuznets). Ён нарадзіўся ў 1901 годзе ў габрэйскай сям’і ў Пінску. Юнаком Кузьнец зь сям’ёй пераехаў у Роўна, потым апынуўся ў Харкаве. Там ён скончыў камэрцыйны інстытут. З 1922 году жыве ў ЗША, у 1924-м скончыў Калюмбійскі ўнівэрсытэт.

Ён зрабіў выдатную кар’еру ў эканоміцы. Узначальваў камітэт па эканамічным росьце пры ўрадзе ЗША. Аўтар шматлікіх прац пра эканамічны рост, прэзыдэнт Амэрыканскай статыстычнай, а потым і эканамічнай асацыяцыі. У 1971 годзе ён атрымаў Нобэлеўскую прэмію «за эмпірычнае абгрунтаванае тлумачэньне эканамічнага росту, якое прывяло да новага, глыбейшага разуменьня эканамічнай і сацыяльнай структуры й працэсу разьвіцьця ў цэлым».

Памёр у 1985 годзе ў Кембрыджы, штат Масачусэтс.

Мэнахем Бэгін (грамадзянін Ізраіля) — Нобэлеўская прэмія міру ў 1978 годзе.

Нарадзіўся ў 1913 годзе ў Берасьці, у сям’і сакратара Брэст-Літоўскай габрэйскай супольнасьці. Пасьля сканчэньня Берасьцейскай габрэйскай рэлігійнай школы і дзяржаўнай гімназіі вучыўся ў Варшаўскім унівэрсытэце. У 1940 годзе быў арыштаваны савецкімі ўладамі ў Вільні, сасланы ў лягер. Выйшаў адтуль у 1941 годзе, уступіўшы ў армію Андэрса. З 1943 году — актыўны ўдзельнік сіянісцкага руху ў Ізраілі. У 1948 годзе стварыў партыю «Херут» («Свабода») у Ізраілі. У 1977 годзе ўзначаліў урад Дзяржавы Ізраіль. Заставаўся прэм’ер-міністрам да 1983 году.

Помнік Мэнахему Бэгіну ў Берасьці

За мірнае ўрэгуляваньне канфлікту за Сынайскі паўвостраў ён атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру разам з прэзыдэнтам Эгіпту Анварам Садатам.

На ягоны загад у 1982 годзе быў разбомблены ірацкі атамны рэактар, што пазбавіла Садама Хусэйна магчымасьці атрымаць сваю атамную бомбу.

Памёр у 1992 годзе ў Тэль-Авіве.

Шымон Пэрэс (грамадзянін Ізраіля) — Нобэлеўская прэмія міру ў 1994 годзе

Нарадзіўся ў габрэйскай сям’і ў мястэчку Вішнева (сёньня — Валожынскі раён) у 1923 годзе. У 1932 годзе зь сям’ёй пераехаў у Палестыну. У 1943 годзе Пэрэса абралі сакратаром Рабоча-Сіянісцкага моладзевага руху ў Ізраілі. У 1952–1953 гадах ён працуе ў вайсковых структурах, дзе адказвае за закупы сучаснай зброі і наладжваньне стратэгічнага партнэрства Ізраіля.

Шымон Пэрэс

У ізраільскі парлямэнт — Кнэсэт — трапіў у 1959 годзе ў складзе партыі «Мапаі». Потым стварыў сваю партыю — «Рафі». З таго часу Пэрэс займаў розныя міністэрскія пасады, быў прэм’ер-міністрам Ізраіля ў 1984–1986 і 1995–1996 гадах. З 2007 па 2014 год быў прэзыдэнтам Ізраіля.

У 1994 годзе разам з Іцхакам Рабінам і Ясірам Арафатам атрымаў Нобэлеўскую прэмію за мірнае ўрэгуляваньне ізраільска-палестынскага канфлікту.

Жыве ў Тэль-Авіве.

Жарэс Алфёраў (грамадзянін Расеі) — Нобэлеўская прэмія па фізыцы ў 2000 годзе

Нарадзіўся ў Віцебску ў 1930 годзе. Скончыў школу ў Менску, вучыўся ў Беларускім політэхнічным інстытуце (сёньня — БНТУ), потым — у Ленінградзкім тэхнічным інстытуце імя Ўльянава. З 1953 году працуе ў Фізыка-тэхнічным інстытуце імя А.Ф.Ёфэ (узначальваў яго з 1987 па 2003 год). У 1990–1991 гадах быў віцэ-прэзыдэнтам Акадэміі навук СССР. З 2003 году — старшыня Навукова-адукацыйнага комплексу «Санкт-Пецярбурскі фізыка-тэхнічны навукова-адукацыйны цэнтар» РАН.

Жарэс Алфёраў

Алфёраў узнагароджаны шэрагам савецкіх ордэнаў, у тым ліку ляўрэат Ленінскай прэміі ў 1972 годзе. У 2000 годзе ён атрымаў Нобэлеўскую прэмію па фізыцы за разьвіцьцё паўправадніковых гетэраструктур для высакахуткаснай оптаэлектронікі.

Жыве ў Расеі.

За часы незалежнасьці ад Беларусі на Нобэлеўскую прэмію намінаваліся палітыкі Станіслаў Шушкевіч і Аляксандар Казулін, праваабаронца Алесь Бяляцкі, пісьменьнікі Васіль Быкаў, Уладзімер Някляеў, Рыгор Барадулін.