Марачкін: У мяне радасьці вельмі мала з нагоды яе перамогі

Аляксей Марачкін

Беларускі мастак і сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Аляксей Марачкін сказаў, што мае высокае меркаваньне пра творчасьць Сьвятланы Алексіевіч:

«Кнігі Сьвятланы Алексіевіч — гэта наш боль. Яна бярэ самыя балючыя тэмы, да якіх ніхто не дакранаецца. Яна не баіцца такіх тэмаў», — сказаў Марачкін Свабодзе.

«Але вельмі шкада, што ў свой час не атрымаў Нобэлеўскую прэмію Васіль Быкаў. Ён ад пачатку да канца быў з народам і заўсёды быў гатовы ўзяць адказнасьць за свой народ. Ён ніколі не хаваў сваёй пазыцыі і пісаў на беларускай мове, зь якой яго перакладалі на шматлікія іншыя. Я думаю, што і сама Сьвятлана радавалася б, калі б прэмію далі Васілю Быкаву. Але так атрымалася, што ляўрэат — яна».

Аляксей Марачкін сказаў, што асноўная прэтэнзія да ляўрэаткі — тое, што яна піша па-расейску:

«Мне не падабаецца, што Сьвятлана Алексіевіч — рускамоўная пісьменьніца. Таму прысуджэньне ёй Нобэля — гэта цаглінка ў падмурак „русского мира“. Чаму? Таму што нядобразычліўцы могуць сказаць, што гэта пасыл беларускамоўным пісьменьнікам: маўляў, бачыце, Нобэля атрымала расейскамоўная беларуская пісьменьніца, а беларускамоўныя са сваёй сялянскай мовай далёка ня пойдуць. Таму ў мяне радасьці вельмі мала з нагоды яе перамогі. Мы сёньня змагаемся за тое, каб беларуская мова жыла. Я быў бы рады, каб Нобэля атрымаў беларус, які піша на мове тытульнай нацыі».