Як быць з Алексіевіч?

Інфармацыя пра вялікія шанцы Сьвятланы Алексіевіч быць уганараванай Нобэлеўскай прэміяй па літаратуры ізноў актывізавала дыскусію вакол стаўленьня пісьменьніцы да нацыянальных каштоўнасьцяў.

Канешне, няўдзячная справа — спрабаваць аналізаваць тое, што яшчэ не адбылося (і можа ўвогуле не адбыцца). Аднак асабіста я разглядаю верагоднасьць атрыманьня Нобэля Сьвятланай Алексіевіч як вельмі вялікую — калі ня ў гэтым годзе, дык у бліжэйшых. Скажу болей: у тым, што яна ўрэшце атрымае прэмію, у мяне няма ніякіх сумневаў.

Не сумняюся я і ў рэакцыі.

Лёгка магу ўявіць, як успрыме навіну пра Нобэлеўскую прэмію мая дачка, калі ім у праскай школе абвесьцяць пра навіну: «Ганна, пісьменьніца з тваёй Беларусі атрымала Нобэлеўскую прэмію!» — «Так? Супэр!»

І гэтак сама ўганараваньне будзе ўспрынята ў сьвеце: атрымала прэмію пісьменьніца з Беларусі.

Здавалася б, іншага і быць ня можа: фармальна нобэлеўскі ляўрэат далучаецца да той краіны, пашпарт якой ён мае.

Але тут пачынаюцца нюансы.

Сама магчымасьць наданьня Нобэлеўскай прэміі пісьменьніцы зь Беларусі , якая піша па-расейску, успрымаецца неадназначна.

У 1998 годзе ў эфіры Радыё Свабода адбылася дыскусія на тэму патэнцыйнага беларускага літаратурнага Нобэля, працытую два меркаваньні.


Сяргей Дубавец: «Асабiста я нiчога ня маю супраць Сьвятланы Алексiевiч. I калi б зоркi леглi для яе шчасьлiва, варта было б шчыра парадавацца за пiсьменьнiцу, якая пiша па-расейску. Але не за Беларусь. Бо, парадаксальным чынам, такая прэмiя магла б стаць апошнiм цьвiком у труну беларускае мовы, якая пасьля такога прызнаньня рускамоўнае лiтаратуры ў Беларусi наўрад цi ўжо ачомалася б да паўнавартаснага грамадзкага iснаваньня. Магчыма, яна б атрымала статус iрляндзкае мовы, на якой яшчэ гавораць сяляне ў краiне, дзе сямёра англамоўных пiсьменьнiкаў носяць званьне ляўрэатаў Нобэля».

Аляксандар Лукашук: «Нобэлеўская прэмiя для Беларусi — як Чарнобыль наадварот. Ейнае выпраменьваньне прасякнула б жыцьцё нацыi на пакаленьнi наперад i асьвяцiла б на пакаленьнi назад. У гэтым сьвятле адкрылася б — i так стала iснай — уся Беларусь, мiнулая i будучая, для сьвету i для сябе самой. Спраўдзiлася б Купалава мэтафара пра пачэсны пасад мiж народамi. З Нобэлеўскага п’едэсталу загаварыла б уся нашая задушаная, закатаваная, расстраляная ў 20 стагодзьдзi лiтаратура i мова. Яна б уваскросла як Хрыстос пасьля зьняцьця з крыжа. Тое, што я сказаў, — аргумэнты слабасьцi. Вонкавае прызнаньне, пацьверджаньне iстотнасьцi iснаваньня, яго вартаснасьцi — патрэбнае тым, хто сумняецца ў сабе. Беларусы сумняюцца. Для мяне асабiста гэта быў бы самы шчасьлiвы дзень у жыцьцi. Толькi слабыя ведаюць, што такое перамога».


Мушу прызнацца, што доўгі час я быў салідарны з ацэнкай Сяргея Дубаўца, але цяпер скарэктаваў меркаваньне.

Не, я не магу прыкласьці вызначэньне Аляксандра Лукашука («Чарнобыль наадварот») — менавіта да Сьвятланы Алексіевіч (зрэшты, аўтар вызначэньня і ня меў на ўвазе менавіта яе — нагадаю, што ў 1998 годзе, калі запісвалася гутарка, сярод найбольш верагодных беларускіх пісьменьнікаў у якасьці Нобэлеўскіх ляўрэатаў называўся Васіль Быкаў).

Станоўчых зьменаў у стаўленьні Алексіевіч да беларускай культуры і беларускай мовы я ня бачу. Увосень 1995-га, пасьля так званага рэфэрэндуму, Сьвятлана Алексіевіч падпісала калектыўны ліст беларускіх пісьменьнікаў (разам з Быкавым, Гілевічам, Барадуліным, Арловым, Зуёнкам, Шэрманам, Бураўкіным, Законьнікавым, Кудраўцом) супраць вяртаньня да савецкай мэтодыкі ў сыстэме гуманітарнай адукацыі (я цытую гэты ліст у сваёй кнізе «Дзевяноста пяты - «Новы крок вышэйшай улады – ня што іншае, як замах на духоўную і інтэлектуальную свабоду нацыі, а значыць, і на яе будучыню»). Але, на вялікі жаль, у апошнія гады прагучалі зь яе вуснаў словы, якія можна інтэрпрэтаваць як непрыязнасьць да нацыянальнай ідэі.

Праўда, патрабаваць іншага ад Алексіевіч – усё роўна, што папракаць яе ў тым, што ў сваіх творах у 90-ых гадах, пра якія піша, яна акцэнтуе ўвагу не на плюсах аднаўленьні незалежнай Беларусі, а на мінусах распаду СССР. Што абрала сваімі героямі не «адраджэнцаў», а тых, хто новы час альбо ўспрыняў напалохана, альбо ня ўспрыняў зусім. Абіраць тую ці іншую тэму, разглядаць яе ў тым ці іншым ракурсе – гэта сьвятое права аўтара. Гэтак жа, як права кожнага чалавека – выходзіць на плошчу ці не выходзіць.

Справа тут у іншым.

Проста я пераканаўся, што мы вельмі перабольшваем фактар замежнага прызнаньня, замежнага аўтарытэту, увогуле — замежнага ўплыву на ўнутранае жыцьцё Беларусі. Перабольшваем найчасьцей у палітыцы, але і ў культуры — таксама.

Ну, не заявіць Алексіевіч у Нобэлеўскай лекцыі, што наяўнасьць дзьвюхмоў’я ў Беларусі — гэта правільна. Яна ўвогуле можа і не ўзгадаць Беларусь, хіба што ў зьвязку з тым жа Чарнобылем (а калі прыгадае Чарнобыль — ёй за гэта варта будзе падзякаваць). І ня будзе яна — я перакананы — бэсьціць беларускую мову і яе носьбітаў, ізноў залічваць іх у «гета» — занадта ўжо дробна гэта для Нобэлеўскага ляўрэата.

Але ўявім — што заявіць, што будзе бэсьціць. І што гэта зьменіць? Павялічыць колькасьць непрыяцеляў беларушчыны? Ва ўстановах, дзе прымаюцца рашэньні, іх і без таго хапае. Беларуская культура, беларускамоўная адукацыя пазбавіцца якіх-небудзь істотных заходніх прэфэрэнцыяў — з-за пазыцыі набэліянта? Ды не было ніякіх прэфэрэнцыяў. Тэма нацыянальнай дыскрымінацыі неаднаразова гучала ў міжнародных аўдыторыях і заўсёды пакідала палітыкаў раўнадушнымі — не таму, што артыкулявалася недастаткова аўтарытэтнымі асобамі, проста гэтая тэма (у дачыненьні да якой заўгодна краіны, ня толькі Беларусі) не ўваходзіць у катэгорыю прыярытэтных і лічыцца выключна ўнутранай справай краіны. У адрозьненьне ад правоў чалавека, напрыклад.

Таму — няма чаго губляць.

Лёс Беларусі, яе культуры, яе мовы, як і раней, будуць залежыць найперш ад саміх беларусаў, ад нашай самасьвядомасьці, ад нашай адданасьці і салідарнасьці.

А не ад Нобэлеўскага камітэту Швэдзкай акадэміі навук.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.