У Гомелі прайшоў перадвыбарчы сход пад лёзунгам «Скажы Лукашэнку — не!»

Плякат у залі сустрэчы

Рэпартаж Свабоды з сустрэчы актывістаў апазыцыі з выбарцамі супраць абраньня Аляксандра Лукашэнкі на пяты прэзыдэнцкі тэрмін у сярэдняй школе № 57 горада Гомеля.

Сустрэчу ў рамках перадвыбарчай кампаніі наладзілі рэгіянальны каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Ўладзімер Кацора і кіраўнік абласной арганізацыі Партыі левых «Справядлівы сьвет» Уладзімер Сякерка. У заяве ў выбарчую камісію Чыгуначнага раёну на прадстаўленьне памяшканьня яны пазначылі: «з мэтай правядзеньня агітацыі супраць абраньня прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь грамадзяніна Лукашэнкі А.Р. і абмеркаваньня праграмаў іншых кандыдатаў у прэзыдэнты, а таксама стану сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў краіне».

Чаму нельга Лукашэнку далей быць прэзыдэнтам?

Нацыя сьпіваецца

Адкрываючы сустрэчу, арганізатары апавялі, чаму нельга, каб Аляксандар Лукашэнка заставаўся на пяты тэрмін прэзыдэнцтва. За гады яго прэзыдэнцтва, зазначыў Уладзімер Кацора, Беларусь выйшла на першае месца ў сьвеце па ўзроўні спажываньня алькаголю (17 літраў моцных сьпіртовых напояў на чалавека — зьвесткі ВОЗ):

«Нацыя сьпіваецца, свой генафонд мы губляем. Праз аднаўленьне кругласуткавага гандлю сьпіртовымі напоямі ўлады імкнуцца апэратыўна папаўняць „схуднелы“ бюджэт. Вырашылі, што гэта хутчэй, чым адвезьці тры камбайны „Гомсельмашу“ ў Паўднёвую Амэрыку, прадаць іх там і выручыць грошы, расказваючы пры гэтым, што маем прарыў у рэалізацыі айчыннай прадукцыі на зьнешнім рынку».

Сярэдняя школа №57 Гомеля, дзе адбылася сустрэча

Беларусь у даўгах

Паводле арганізатараў сустрэчы, Беларусь за гады кіраваньня Лукашэнкі стала «закрэдытаванай краінай»:

«Мы ўсе з вамі закрэдытаваныя на дзяржаўным узроўні — Лукашэнка як кіраўнік дзяржавы набраў мільярды крэдытаў, якія няма чым аддаваць. І цяпер ён просіць адтэрміноўкі выплатаў па крэдытах. Дзяржаўныя прадпрыемствы таксама ўсе ў крэдытах. Многія людзі, паверыўшы ўладам, набралі камэрцыйных крэдытаў, якія таксама цяжка сплаціць, ня маючы годных заробкаў».

Няма рэформаў

Выснова прамоўцы такая: «Лукашэнка ня ў стане штосьці зьмяніць у эканоміцы. Ёсьць грошы — ён дзеліць пірог. Няма —просіць у МВФ і ў Расеі. У 2010 годзе Расея знайшла сродкі на яго падтрымку. Цяпер нафтадаляры надоўга сышлі, Расея сама сутыкнулася зь вялікімі цяжкасьцямі».

Сустрэча з выбарцамі

Тым ня менш, казаў прамоўца, Лукашэнка застаецца і ўжо нават сказаў, колькі адсоткаў выбарчыя камісіі павінны «намаляваць» яму на выбарах: «Ну, што гэта за прэзыдэнт, калі ён не атрымае на выбарах 80 працэнтаў?»

Манаполія на фармаваньне камісій

Выбарчыя камісіі цалкам падкантрольныя ўладзе — туды не дапускаюць ні апазыцыі, ні прадстаўнікоў іншых кандыдатаў у прэзыдэнты. На Гомельшчыне з амаль дзьвюх сотняў вылучаных прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацыяў улады ўключылі ў выбарчыя камісіі толькі аднаго.

«А хто галасы лічыць, той і абвяшчае вынік. І перамены ня прыйдуць без удзелу грамадзтва ў вырашэньні свайго лёсу», — падсумаваў Уладзімер Кацора.

Са свайго боку Ўладзімер Сякерка канстатаваў, што ў грамадзтве няма асаблівай цікавасьці да выбараў, бо вынік загадзя вядомы. Партыя левых «Справядльвы сьвет» заклікала сваіх сябраў наогул нікога не падтрымліваць на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах.

Пытаньні з залі

Лукашэнка шмат абяцае, а мала робіць

Спадар Сякерка назваў некалькі прычынаў, чаму ён асабіста супраць абраньня Аляксандра Лукашэнкі на пяты тэрмін. Найперш таму, сказаў прамоўца, што «гэта чалавек, які шмат абяцае, але мала робіць: бясплатнае мэдычнае абслугоўваньне засталося недзе на заднім пляне. Тое ж самае і зь бясплатнай адукацыяй — з кожным годам павялічваецца колькасьць абітурыентаў, якія навучаюцца на платнай аснове».

Арганізатар сустрэчы кажа і пра «двудушнасьць Лукашэнкі — ён сёньня гаворыць адно, заўтра — іншае, пасьлязаўтра — трэцяе».

Грубасьць прадстаўнікоў улады

Прамоўца зьвярнуў увагу на стаўленьне кіраўніка дзяржавы да падначаленых, якое «нармальнай моваю не перадаць — грубасьць, тыканьне і ўсё астатняе. Гэта сыстэма, якая ідзе зьверху ўніз да мясцовых органаў улады, перадаецца кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацыяў — і ўжо просты чалавек становіцца ў гэтай сыстэме нікім і нічым. Яму ўжо даюць высьпятка так, як захочуць, — у самай грубай форме». Давяршылі ўсё кантрактная сыстэма і дэкрэт пра дармаедаў — сядзі, чалавек, і маўчы!" Не ад добрага жыцьця каля 600 тысяч грамадзянаў зьехалі працаваць у Расею — пакінулі кватэры, сем’і.

Пытаньні з залі

Няшчырасьць і карупцыя

Недаспадобы Ўладзімеру Сякерку і маральныя якасьці кіраўніка дзяржавы: афіцыйна жонка ў яго адна, а меншы сын невядома ад якой жонкі.

Абяцаў Лукашэнка расквітацца з карупцыяй, але за дваццаць зь лішнім гадоў «усё ня можа яе перамагчы».

«Лукашэнка розным чынам прыбраў тых, хто прывёў яго да ўлады, — прапалі Ганчар, Захаранка. Акружыў сябе камандай, калі можна так сказаць, хаця трэба было назваць гэта іншым словам. І тасуе іх, як калоду картаў, называючы гэта працай з кадрамі», — кажа Ўладзімер Сякерка.

«А дзе узяць іншага прэзыдэнта?»

Сустрэчу здымалі на відэакамэры апэратар дзяржаўнага тэлебачаньня і школьны пэдагог-арганізатар пазакляснай працы.

Прысутныя ў зале гараджане — а прыйшлі на сустрэчу каля шасьцідзесяці чалавек — задалі з паўдзясятка пытаньняў арганізатарам сустрэчы. Але тычыліся яны найперш асабістых спраў. Камусьці пры будаўніцтве дома не дадалі квадратных мэтраў жылплошчы, іншым несправядліва налічылі лішнія кубамэтры расходу вады, некага не запісалі на прыём да старшыні аблвыканкаму.

Адзін з прысутных выбарцаў пацікавіўся: «А дзе ж узяць іншага прэзыдэнта, калі не Лукашэнку?» Арганізатары сустрэчы адказалі: дырэктараў саўгасаў у Беларусі багата, і ня толькі іх.

Крылатая фраза Аляксандра Лукашэнкі

Гэты ж гараджанін распавёў, што яму доўга не налічвалі пэнсію. Нарэшце ён даўмеўся патэлефанаваць на «гарачую лінію» гарвыканкаму — і разьлік хутка зрабілі. З гэтага выбаршчык зрабіў выснову: нечага лаяць бюракратыю — яна усё ж такі вырашае. А што дасьць дэмакратыя?

Падалося, што пэнсіянэр зьніякавеў, пачуўшы ад арганізатараў сустрэчы, што дэмакратыя — гэта ёсьць улада народу. Гэта калі мэра не прызначаюць «зьверху», а выбіраюць гараджане. Гэтаксама, як і судзьдзяў і нават начальнікаў міліцыі.

Асобна на сустрэчы вялася размова пра эканамічны блёк перадвыбарчай праграмы Аляксандра Лукашэнкі, а менавіта пра тры пазначаныя ім задачы —занятасьць, экспарт і інвэстыцыі.

На думку гомельскага эканаміста Мікалая Новікава, кіраўнік дзяржавы сваімі дэкрэтамі рэальна стварае занятасьць хіба толькі чыноўнікам. Цяпер вось яны абавязаныя займацца пошукамі дармаедаў, спагнаньнем падатку, а сама праблема занятасьці беларусаў не вырашаецца. Амаль мільён беларусаў змушаныя працаваць за межамі краіны.

Выступае эканаміст Мікалай Новікаў

Скараціўся на 40 адсоткаў экспарт у Расею. Беларускім таварам бракуе якасьці. Ад тых жа гомельскіх камбайнаў ранейшыя спажыўцы адмаўляюцца, і даводзіцца шукаць іншыя рынкі збыту. На думку эканаміста, гэта адбываецца таму, што існая сыстэма ня здольная прадукаваць добрую якасьць тавараў і адпаведныя кошты на яе.

Пра інвэстыцыі эканаміст наагул ня стаў нічога казаць, заявіўшы, што ў рэгіёне, па сутнасьці, за два дзесяцігодзьдзі не зьявілася новых прадпрыемстваў, якія б аказалі ўплыў на эканоміку рэгіёну.

У канцы сустрэчы прысутны гараджанін, спадар Юры, сказаў, што лічыць, што на такіх сустрэчах мусяць прысутнічаць прадстаўнікі мясцовай улады і кандыдатаў у прэзыдэнты, каб яны чулі, пра што людзі кажуць, якія пытаньні уздымаюць.

Пасьля сустрэчы: дыскусія выбарцы з Уладзімерам Кацорам

У сваю чаргу Ўладзімер Кацора адзначыў, што ў залі, па сутнасьці, не было гараджанаў, якія крытычна настроеныя да арганізатараў сустрэчы:

«Улады, у адрозьненьне ад 2010 году, калі мы ладзілі такую інфармацыйную акцыю ў ДК „Фэстывальны“, не змаглі нават зрэжысаваць хоць нейкі адказ на нашыя выступы. Усё было адкрыта і шчыра».

Падобная сустрэча з выбарцамі на тэму «Скажы Лукашэнку — не!» прайшла 7 кастрычніка і ў Палацы культуры «Гомсельмашу» — на ёй прысутнічалі каля ста трыццаці чалавек.