Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў рашэньне лідэраў самаабвешчаных «Данецкай НР» і «Луганскай НР» аб адмене выбараў «наўпроставым наступствам скаардынаваных дзеяньняў Украіны і партнэраў Кіеву на перамовах у Нью-Ёрку і Парыжы». На думку прэзыдэнта Ўкраіны, цяпер адкрываюцца магчымасьці для «вяртаньня Ўкраіны ў Данбас» шляхам выбараў паводле ўкраінскага заканадаўства.
Гэты апошні паварот падзеяў вакол канфлікту на ўсходзе Ўкраіны пракамэнтаваў палітоляг Станіслаў Бялкоўскі ў размове з Радыё Свабоды.
Станіслаў Бялкоўскі: Нічога магічнага ў тым, што здарылася, няма. Лідэры сэпаратыстаў цалкам падкантрольныя Крамлю і Ўладзіміру Пуціну. Ідэалягічна матываваныя палявыя камандзіры, якія стваралі аблічча і лад «ДНР-ЛНР» у пачатку існаваньня гэтых псэўдадзяржаўных утварэньняў, або вымушаныя былі зьехаць адтуль, як Ігар Гіркін-Стралкоў, ці загінулі, як Аляксей Мазгавой. А цяперашнія фармальныя лідэры «народных рэспублік» Захарчанка і Платніцкі ў палітычнай і вайсковай сфэры бясспрэчна выконваюць указаньні Крамля, цяпер заснаваныя на новых дамоўленасьцях у Парыжы. Крэмль даў ім такое ўказаньне — у мэтах выкананьня толькі што дасягнутых дамоўленасьцяў: выбары праводзяцца паводле ўкраінскага заканадаўства, але як быццам на адмысловых правілах. У чым, уласна, і заключаецца так званы плян П’ера Марэля, які хоць фармальна адмаўляецца бакамі, але дэ-факта ўзяты за канцэптуальную аснову дамоўленасьцяў у Парыжы.
Усе людзі, якія паверылі ў міфалягему «рускага сьвету», якія не прыслухаліся да экспэртаў, якія гаварылі аб тым, што «рускі сьвет» для Пуціна — ня больш чым піяр і прыкрыцьцё, сёньня моцна расчараваныя.
РС: Ці азначае гэта, што фактычна пакладзены пачатак вяртаньню бунтоўнага Данбасу ва ўкраінскае канстытуцыйнае поле?
Станіслаў Бялкоўскі: Для Ўладзіміра Пуціна важна вырашыць двухадзіную задачу: фармальна захаваць бунтоўныя рэгіёны ў складзе Ўкраіны, каб Украіна несла адказнасьць за фінансаваньне і аднаўленьне іх інфраструктуры, а з другога боку, дэ-факта іх кантраляваць. У разуменьні Пуціна, ён набліжаецца да вырашэньня гэтага заданьня.
РС: А ў вашым разуменьні — гэта чарговая перамога Пуціна ці не?
Станіслаў Бялкоўскі: Пуцін не стратэг, а тактык. Ён можа атрымаць колькі заўгодна тактычных перамог, але ў яго няма стратэгіі, а пры адсутнасьці стратэгіі нельга выпрацаваць крытэрыі ацэнкі таго, перамагаеш ты ці не. Ясна, што паміж Данецкам і Луганскам з аднаго боку і Кіевам з другога ляжыць вялікая кроў, таму простае тэхнічнае вяртаньне гэтых рэгіёнаў пад кантроль Кіеву немагчыма. Аднак умоўна гэта можна зрабіць — з пэўнымі агаворкамі. Масква настойвае на тым, каб былі ўнесеныя папраўкі ў канстытуцыю Ўкраіны, каб быў прыняты закон аб асаблівасьцях выбараў на гэтых тэрыторыях. Самі выбары, як мы ведаем, згодна з парыскімі дамоўленасьцямі павінны адбыцца праз 80-90 дзён, па розных вэрсіях, пасьля прыняцьця адпаведнага закону, яны прызначаныя на канец лютага ў «Луганскай народнай рэспубліцы» і на пачатак сакавіка ў «ДНР», наколькі можна меркаваць. Увогуле, пытаньне яшчэ далёкае ад канчатковага рашэньня. Можна казаць пра тое, што зроблены чарговы тактычны крок, але ўсе людзі, якія паверылі ў міфалягему «рускага сьвету», якія не прыслухаліся да экспэртаў, якія гаварылі аб тым, што «рускі сьвет» для Пуціна — ня больш чым піяр і прыкрыцьцё, сёньня моцна расчараваныя.
РС: Як вы думаеце, Сырыя, новы ваенны праект Уладзіміра Пуціна — таксама прыкрыцьцё ці ўсё ж самадастатковая апэрацыя?
Станіслаў Бялкоўскі: Ніводная з гэтых апэрацый не зьяўляецца самадастатковай, паколькі ўсё гэта тактычныя крокі насустрач рашэньню галоўнай задачы Пуціна: выйсьці на перамовы з ЗША і Эўразьвязам (перш за ўсё зь Нямеччынай, як лідэрам Эўразьвязу) аб перадзеле сьвету, аб вяртаньні ў Ялцінска-Патсдамскі сьвет. Гэтая мэта уяўляецца мне недасяжнай. Але прэзыдэнтам Расеі зьяўляюся ня я, а Ўладзімір Уладзіміравіч Пуцін, а ён думае інакш.
Кіеў прадэманстраваў, што ён у стане праз Францыю, Нямеччыну і, у канчатковым рахунку, Расею маніпуляваць уладамі ДНР і ЛНР, што іх пазыцыя не зьяўляецца настолькі непрымірымай, наколькі яны прывыклі пра гэта абвяшчаць у СМІ
РС: Зыходзячы з гэтай лёгікі: чым больш гульнявых дошак будзе, тым лягчэй гандлявацца?
Станіслаў Бялкоўскі: Так, Пуцін — добры тактык-маніпулятар. Але ён адмаўляецца прызнаваць, што яго стратэгічная мэта — выйсьці на перамовы аб вяртаньні ў той сьвет, якога 25 гадоў ужо не існуе — мала рэалістычная. Пуцін лічыць, што ён усіх дацісьне і перацісьне.
РС: Для Кіеву згода Данбасу на перанос выбараў — палітычная перамога?
Станіслаў Бялкоўскі: Хутчэй адносны посьпех, я б не назваў гэта гучнай перамогай. Але Кіеў прадэманстраваў, што ён у стане праз Францыю, Нямеччыну і, у канчатковым рахунку, Расею маніпуляваць уладамі самаабвешчаных ДНР і ЛНР, што іх пазыцыя не зьяўляецца настолькі непрымірымай, наколькі яны прывыклі пра гэта абвяшчаць у СМІ.
РС: У Данбасе трэба, паводле менскіх і новых парыскіх дамоваў, ствараць асаблівыя ўмовы для выбараў, арганізаваць складаны мэханізм кантролю. Па сілах Кіеву на практыцы заняцца рашэньнем гэтых праблем і больш-менш здавальняюча іх вырашыць?
Станіслаў Бялкоўскі: Тут прамежкавай структурай выступае АБСЭ, якая, з аднаго боку — эўрапейская структура, але, з другога боку, дастаткова ляяльная да Расеі і Крамля. Таму яна можа знайсьці кампрамісны фармат кантролю над выбарамі. Больш істотнае пытаньне — гэта кантроль над мяжой, які, вядома, Расея не зьбіраецца аддаваць у агляднай будучыні, хто б што ні дэкляраваў.