5 кастрычніка кандыдатка ў прэзыдэнты Тацяна Караткевіч ладзіла агітацыйную паездку па гарадах Гомельшчыны.
У Сьветлагорску пікет быў загадзя замоўлены каля ўнівэрсаму «Юбілейны». Але калі Тацяна Караткевіч з прадстаўнікамі сваёй каманды прыехала на пікет, там кіпела праца — клалі плітку на ходніках. Дарожная машына так грукатала вібратарам, што заглушала размову кандыдаткі ў прэзыдэнты з выбарцамі.
«Мы тэлефанавалі мясцовым уладам, у Цэнтравыбаркам, каб рамонтнікі на час сустрэчы спынілі працу — нас жа ніхто не папярэдзіў пра парадкаваньне тэрыторыі. Грукат здорава перашкаджаў. Выпадкова гэта было зроблена ці так супала, сказаць цяжка. Але ж замову на пікет мы перадалі ў райвыканкам загадзя, не за пяць хвілін да сустрэчы», — кажа Алег Шабетнік, давераная асоба кандыдаткі.
За дзесяць хвілін да заканчэньня пікету працу спынілі. Высьветлілася, што ўкладку ходнікаў замаўляла дырэкцыя ўнівэрсаму «Юбілейны».