Нямеччына рыхтуецца да канца году прыняць на сваёй тэрыторыі каля паўтара мільёнаў шукальнікаў прытулку, што значна больш, чым у папярэднім прагнозе — ад 800 000 да мільёна. Пра гэта піша газэта Bild са спасылкай на ўрадавы прагноз, які ёсьць у распараджэньні выданьня.
«Міграцыйны ціск будзе расьці і ў далейшым. Мы чакаем ад 7 да 10 тысяч нелегальных перасячэньняў памежных пераходаў штодня ў чацьвёртым квартале», — піша выданьне са спасылкай на крыніцу ва ўрадзе.
Мігранты, якія цяпер масава бягуць ад вайны і беднасьці на Блізкім Усходзе, у Афрыцы і Азіі, спадзяюцца дабрацца да багатых краінаў Заходняй Эўропы, сярод якіх, у прыватнасьці, Нямеччына.
Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель раней заявіла, што ўрад краіны не зьбіраецца адыходзіць ад палітыкі даваць прытулак людзям, якія ў гэтым маюць патрэбу. Яна таксама заклікала эўрапейскіх калег зь іншых дзяржаў прыняць агульную адказнасьць за вырашэньне крызісу з уцекачамі на кантынэнце.