Сёньня — генэральная рэпэтыцыя выбараў. Заўтра — старт датэрміновага галасаваньня

Падчас рэпэтыцыі ЦВК праверыць сродкі сувязі, якія задзейнічаныя ў выбаркамах. На наступны дзень пачнецца датэрміновае галасаваньне.

Як паведаміла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына, у панядзелак, 5 кастрычніка будзе праведзеная генэральная рэпэтыцыя прэзыдэнцкіх выбараў-2015.

Падчас рэпэтыцыі будуць правераныя сродкі сувязі ўсіх выбарчых камісіяў. Па ланцужку выбаркамы перададуць у ЦВК зьвесткі пра колькасьць выбаршчыкаў на кожным участку, колькасьць скрыняў для галасаваньня, бюлетэні, назіральнікаў і іншае. Ярмошына выступіць зь фінальным відэазваротам на сайце vybory2015.by.

На наступны дзень, 6 кастрычніка пачнецца датэрміновае галасаваньне.

Прымушаць (тым больш пагрозамі) наведваць ні датэрміновае, ні асноўнае галасаваньне ніхто ня мае права.

Традыцыйна падчас датэрміновага галасаваньня ўдзельнічае да трэці выбарцаў, праваабаронцы і апазыцыя лічаць яго адным з асноўных мэханізмаў фальсыфікацыяў на выбарах.