На плошчы Свабоды ў Менску адбыўся «Народны сход» супраць расейскіх вайсковых базаў у Беларусі.
Удзел у акцыі бралі каля 500 чалавек з антываеннымі плякатамі, зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, у саколках-вышыванках і гербам «Пагоня».
На акцыі абвясьцілі аб утварэньні новага народнага руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі».
«Расейская вайсковая база ў Беларусі — небясьпека ня казачная»
Адзін зь ініцыятараў правядзеньня акцыі, былы кандыдат на прэзыдэнта і палітвязень, паэт Уладзімер Някляеў, прамаўляючы да прысутных, назваў плянаваную прысутнасьць расейскай вайсковай базы ў Беларусі каля Баранавічаў «небясьпекай ня казачнай»:
Някляеў: «У Крыме была расейская вайсковая база. І на расейскай вайсковай базе ўзьніклі тыя „зялёныя чалавечкі“, тыя салдаты, якія захапілі тэрыторыю незалежнай дзяржавы Украіна. Калі гэта было там, то чаму гэта ня можа быць тут?!»
«Лукашэнка — гэта вайна»
Былы кандыдат на прэзыдэнта і былы палітвязень Мікола Статкевіч, прамаўляючы да ўдзельнікаў гэтак патлумачыў прычыну і сутнасьць акцыі пратэсту:
Статкевіч: «Дыктатура штурхае нас да глябальнай вайны і робіць нас мішэньню дзеля нейкіх мэтаў. Каб на год ці два пасядзець у сваім крэсьле Лукашэнка робіць нас магчымай ахвярай нават ядзерных удараў. Лукашэнка — гэта вайна».
«Той хто пайшоў на выбарчы ўчастак — даў Лукашэнку карт-блянш на новыя вайсковыя базы»
Старшыня аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька папярэдзіў прысутных пра іх магчымы саўдзел у разьмяшчэньні ў Беларусі расейскай вайсковай базы:
Лябедзька: «Калі Лукашэнка падпіша пагадненьне аб вайсковай базе, тады ведайце: той хто пайшоў на выбарчы ўчастак — ён дапамагаў Лукашэнку атрымаць легітымнасьць і даў яму карт-блянш, у тым ліку на новыя вайсковыя базы».
Your browser doesn’t support HTML5
«Не патрэбны нам твае, расейскі прэзыдэнт, вайсковыя базы»
Прыдпрымальнік Аляксандр Таўстыка прамовіў на мітынгу ад імя сваіх дзяцей, якія прасілі перадаць Пуціну:
«Ня трэба нам твае базы. Пакінь іх у абарону сваіх людзей — на гэта ёсьць расейская канстытуцыя. Не патрэбны нам твае, расейскі прэзыдэнт, базы. Маім беларускім дзецям яны не патрэбныя. Скарыстайся сваёй канстытуцыяй і пакінь іх дома».
«Расейская стратэгія — вайна на чужой тэрыторыі»
Грамадзкі актывіст на Берасьцейшчыне Аляксандр Мех нагадаў, што кіраўніцтва Расеі не запытвае згоды на яе стварэньне ў Беларусі:
Мех: «Нагадаю гісторыю і ваенную стратэгію Расеі — гэта вайна на чужых тэрыторыях. Гэта вайна на беларускіх, украінскіх і іншых тэрыторыях. Гэта першая база, за гэтай ідуць іншыя. У нас ужо ёсьць інфармацыйная база — гэта расейскае тэлебачаньне. У нас ёсьць царкоўная база — расейская царква. Мы ўжо забыліся, што мы ёсьць беларусы, што мы ёсьць народ».
Ініцыятары сходу таксама абвясьцілі аб стварэньні аргкамітэту ўсебеларускага руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі». Яго старшынём абраны палітык і паэт Уладзімер Някляеў. Палітык Мікола Статкевіч на завяршэньне сходу заклікаў прысутных прыняць удзел у заключным сходзе на плошчы Свабоды 10 кастрычніка.