Пра пляны славутага амэрыканскага актора, атлета, экс-губэрнатара Каліфорніі Арнольда Шварцэнэгера наведаць Беларусь і яе прэзыдэнта ў праграме «Карціна сьвету» на тэлеканале «РТР-Беларусь» расказала 16-гадовая Аляксандра Бурыкіна.
Днямі ў Мадрыдзе яна ўстанавіла шэраг эўрапейскіх рэкордаў у паўэрліфтынгу — адмысловай сілавой дысцыпліне. Зь перамогай яе віншаваў сам Арнольд Шварцэнэгер, які на радзіме ў Аўстрыі пачынаў кар’еру менавіта ў гэтым відзе спорту.
Аляксандра Бурыкіна на цырымонію ўзнагароджаньня апранула майку з выявай кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і дакладна такую ж падарыла Шварцэнэгеру. Зь яе слоў, менавіта тады ён сказаў, што хацеў бы асабіста пазнаёміцца з «моцным палітыкам»:
«Ён паціснуў мне руку, сказаў, што я вельмі моцная. Я яму падарыла майку з выявай нашага прэзыдэнта. Ён адказаў: „Я яго ведаю, гэта вельмі моцны палітык“. Таксама сказаў, што ў нас вельмі моцныя людзі і што ён зьбіраецца наведаць нашу краіну», — распавяла дзяўчына ў праграме «Карціна сьвету».