«Лукашэнка проста добры чалавек». Як у Магілёве агітуюць за дзейнага кіраўніка

Першы пікет за час правядзеньня агітацыйнага этапу перадвыбарчай прэзыдэнцкай кампаніі выставілі ў Магілёве. У сквэры 40-годзьдзя Перамогі актывісты БРСМ пераконвалі магілёўцаў, каб на выбарах яны аддалі свой голас за Аляксандра Лукашэнку.

Яго вялікі партрэт зь беларускамоўным надпісам «За будучыню незалежнай Беларусі» вылучаўся ў мітусьні мінакоў, якія наведалі ў сквэры ці то кірмаш, ці то выставу народнай творчасьці. Побач хор сьпяваў беларускія песьні.

На просьбу журналіста апавесьці пра прэтэндэнта на вышэйшую дзяржаўную пасаду краіны Аляксандра Лукашэнку дзяўчаты ў бэйсболках з надпісам «БРСМ» разгубіліся.

«Ён добры чалавек. Не дапускае таго, што цяпер адбываецца ва Ўкраіне. Ён усё трымае ў парадку», — адказала адна зь дзяўчат і тут жа дадала:

«Мы наагул выступаем за мір, за свабодную краіну і, каб у нас было ўсё добра. Хочам, каб да нас падыходзілі людзі і пакідалі свае пажаданьні для тых хто сёлета будзе ўпершыню галасаваць», — зазначыла суразмоўніца.

За час пакуль журналіст гутарыў зь пікетоўцамі да стала з надпісам «Белая Русь» падышло чацьвёра чалавек. Усе як выявілася прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі.

«Вядома ж хацелася б, каб ён заставаўся нашым прэзыдэнтам і, каб мы жылі ў квітнеючай Беларусі. Тым хто будзе галасаваць упершыню я пажадала, каб яны зрабілі правільны выбар», — зазначала жанчына сталага веку, якой за напісанае пажаданьне пікетоўцы прэзэнтавалі перадвыбарчую праграму Аляксандра Лукаўшэнкі на расейскай мове.

Калі будуць нейкія перамены, дык толькі да лепшага. Але я б нічога не жадала лепшага. Няхай хаця б было гэтак, як цяпер

Наступная суразмоўніца на пытаньне, ці трэба чакаць пасьля выбараў пераменаў адказала: «Калі будуць нейкія перамены, дык толькі да лепшага. Але я б нічога не жадала лепшага. Няхай хаця б было гэтак, як цяпер».

Падышоў да пікету і пакінуў сваё пажаданьне мужчына на добрым падпітку. Напісанае прадэманстраваў. Як выявілася, ён ня быў прыхільнікам дзейнага прэзыдэнта. «Не галасуйце за Лукашэнку», — напісаў мужчына ў сваім пажаданьні.

«Ён мае права на сваё меркаваньне. Мы жывём у свабоднай краіне», — пракамэнтавала журналісту няёмкую сытуацыю жанчына, якая прыглядала за пікетам.

У суботні дзень агітацыйных пікетаў іншых кандыдатаў у прэзыдэнты ў Магілёве заўважана не было. Наагул за прамінулы час агітацыйнага этапу перадвыбарчай кампаніі іх не было. На мінулых прэзыдэнцкіх выбарах агітацыя праходзіла да апошняга дазволенага дня.