Абама: расейскі падыход да Сырыі — гэта «рэцэпт катастрофы»

Барак абама на прэс-канфэрэнцыі 2 кастрычніка

Прэзыдэнт ЗША выступіў з гэтай заявай на трэці дзень расейскіх паветраных удараў у Сырыі.

Падчас прэс-брыфінгу 2 кастрычніка ў Белым доме прэзыдэнт ЗША Барак Абама назваў «рэцэптам катастрофы» паветраную кампанію Расеі ў Сырыі, распачатую тры дні таму.

Паводле прэзыдэнта Абамы, мэтай расейскай апэрацыі ў Сырыі зьяўляецца ваенная падтрымка рэжыму Башара Асада, і гэтае рашэньне Масквы будзе контрапрадуктыўным.

«Спадар Пуцін быў вымушаны пайсьці ў Сырыю не таму, што ён адчуваў за сабой сілу, а з-за слабасьці, таму што яго кліент, спадар Асад, развальваўся», — заявіў прэзыдэнт Абама. «У пуцінскую кааліцыю ў дадзены момант уваходзяць Іран і Сырыя, у той час, як увесь астатні сьвет зьяўляецца сябрам нашай кааліцыі. Я ня думаю, што яго цяперашняя стратэгія ўвядзе людзей у зман», — дадаў ён. Прэзыдэнт Абама абвінаваціў Маскву ў тым, што падчас яе трохдзённай паветранай кампаніі аб’ектам нападаў сталі пазыцыі баевікоў, якія належаць да ўмеранай апазыцыі, а не групоўкі «ісламская дзяржава». «З пункту гледжаньня Расеі яны ўсе тэрарысты, і гэта рэцэпт катастрофы», — папярэдзіў прэзыдэнт.

Барак Абама паведаміў, што амэрыканскія прадстаўнікі вядуць з расейскім кіраўніцтвам размовы аб зьніжэньні ўзроўню канфлікту, каб справа не дайшла да сутыкненьняў у паветры расейскіх самалётаў і самалётаў кааліцыі.

У адказ на пытаньні журналістаў прэзыдэнт Абама падкрэсьліў, што ня варта рабіць здагадак аб магчымасьці падтрымкі Злучанымі Штатамі апазыцыйных сіл, якія сталі аб’ектам расейскіх нападаў. «Мы не зьбіраемся ператвараць сырыйскі канфлікт у вайну чужымі рукамі паміж Расеяй і ЗША. Мы вядзем вайну з ІДІЛ», — заявіў Барак Абама. Паводле слоў Абамы, «дзеяньні спадара Пуціна былі пасьпяховыя толькі ў адным — у павышэньні яго рэйтынгаў ўнутры Расеі. Яны не зьяўляюцца мудрым стратэгічным ходам».

Абама таксама прызнаў, што амэрыканская праграма па падрыхтоўцы і аснашчэньні ўмераных апазыцыйных сіл у Сырыі не спрацавала так, як павінна была. Ён сказаў, што Вашынгтон супрацоўнічае з Анкарой, каб дапамагчы ўмацаваць паўднёвую мяжу Турэччыны з Сырыяй, а таксама дапамагчы курдзкім байцам на ўсходзе Сырыі.