Амбасадары 28 краінаў Эўразьвязу дамовіліся ў Брусэлі 2 кастрычніка, што санкцыі ў дачыненьні да Беларусі павінны быць прадоўжаны, але адначасова прыпыненыя ў адносінах да пакуль ня вызначанай колькасьці чалавек на працягу абмежаванага пэрыяду часу, які таксама канчаткова ня вызначаны.
Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі, канкрэтныя рашэньні па гэтым пытаньні будуць прынятыя толькі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, “калі ня будзе пагаршэньня сытуацыі ў кантэксьце выбараў”.
Паводле нашага карэспандэнта, гэтая пазыцыя, верагодна, будзе пацьверджаная, калі міністры замежных спраў ЭЗ сустрэнуцца ў Люксэмбургу 12 кастрычніка на штомесячным пасяджэньні Рады ЭЗ па замежных справах.