СМІ паведамляюць аб новых расейскіх авіяўдарах ў Сырыі

Самалёты расейскіх вайскова-паветраных сілаў 1 кастрычніка нанесьлі ня менш за 30 авіяўдараў па пазыцыях у Сырыі.

Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на лібанскі тэлеканал Al-Mayadeen.

Удары наносіліся, у прыватнасьці, у правінцыях Ідліб і Хама. Асноўнымі цэлямі атакаў былі пазыцыі групоўкі «Джайш аль-Фатах» («Армія заваёвы»). Акрамя гэтага, пад удары патрапілі пазыцыі зьвязанай з «Аль-Каідай» ісламісцкай групоўкі «Джабгат ан-Нусра». Reuters адзначае, што лібанскі тэлеканал падтрымлівае ўрад Башара Асада.

Тым часам расейская газэта «Ведомости», са спасылкай на крыніцу блізкую да Мінабароны, паведаміла, што колькасьць расейскага вайсковага пэрсаналу, які можа быць задзейнічаны ў Сырыі, уключаючы нанясеньне авіяўдараў і дастаўку вайсковай тэхнікі для сырыйскай арміі, складае каля паўтары тысячы чалавек.