«Малітва за Беларусь» пройдзе заўтра ў храме-помніку ў гонар Усіх Сьвятых на скрыжаваньні вуліц Каліноўскага і Ўсясьвяцкай. Чакаецца, што на службу прыедзе Аляксандар Лукашэнка.
На дзяржпрадпрыемствах набіраюць удзельнікаў для «Малітвы за Беларусь»: прапануюць прадставіць па 10–15 чалавек ад прадпрыемства. Пра гэта паведаміў чытач Свабоды, які даслаў скрыншот запрашэньня.
Як даведалася Свабода, у храме Ўсіх Сьвятых заўтра сапраўды мае адбыцца «Малітва за Беларусь». Праход на яе будзе дазволены толькі па пропусках. На вуліцы паставяць вялікія экраны, на якіх будзе трансьлявацца служба, і там ужо за ёй змогуць назіраць усе ахвотныя.
Пра асаблівасьць службы ў храме Ўсіх Сьвятых сьведчаць і меры перасьцярогі ў гэтым раёне. БЕЛТА паведаміла ўчора пра абмежаваньне руху «ў сувязі з правядзеньнем мерапрыемства ў храме Ўсіх Сьвятых».
Ад 13-й гадзіны па вуліцах Каліноўскага (ад праспэкту Незалежнасьці да вуліцы Кедышкі) і Ўсясьвяцкай заўтра будзе дазволены толькі рух грамадзкага транспарту. Ад 16-й гадзіны гэтыя вуліцы закрыюць для ўсяго транспарту. Абмежаваная будзе і паркоўка.
У БПЦ гэтую інфармацыю пакуль не пацьвердзілі.