У Гомелі хочуць агітаваць супраць Лукашэнкі

Гомельскія апазыцыянэры плянуюць правесьці сходы з выбаршчыкамі з мэтай агітацыі супраць абраньня Аляксандра Лукашэнка прэзыдэнтам.

Як паведамляе БелаПАН, гомельскія актывісты апазыцыі плянуюць правесьці ў горадзе 7 кастрычніка сход выбарцаў з мэтай агітацыі супраць абраньня Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам. Адпаведную заяву старшыня Гомельскай абласной арганізацыі беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Уладзімер Сякерка і рэгіянальны каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Ўладзімер Кацора падалі ў Чыгуначную раённую выбарчую камісію.

Апазыцыянэры просяць тэрытарыяльны выбаркам даць ім актавыя залы школы № 57 і ДК «Гомсельмаш», вызначаныя для сходаў выбарцаў з мэтай агітацыі.

Як пракамэнтаваў БелаПАН гэтую ініцыятыву Ўладзімер Кацора, «выбарчае заканадаўства не забараняе праводзіць сходы з мэтай агітацыі»:

Уладзімер Кацора

«Праводзіць сходы ў памяшканьнях могуць ня толькі кандыдаты або іх давераныя асобы, а і грамадзяне або ініцыятыўныя групы. Толькі трэба, каб у заяўлены час у гэтым памяшканьні не было іншага мерапрыемства. У нас ёсьць папярэдняя згода і дырэктара школы, і ДК, што ў гэты дзень і ў гэты час ніякая давераная асоба не плянавала праводзіць там сход. Паглядзім, што адкажа нам выбаркам».

Раней рэгіянальныя актывісты беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» падавалі ў Гомельскі гарвыканкам заяўкі на правядзеньне пікетаў з мэтай агітацыі супраць абраньня прэзыдэнтам Аляксандра Лукашэнкі. Але гарадзкія ўлады не далі дазвол на правядзеньне пікетаў, спасылаючыся на невыкананьне пунктаў 1 і 3 рашэньня гарвыканкама «Аб масавых мерапрыемствах». Гэта значыць, праводзіць пікеты ў Гомелі можна толькі на двух пляцоўках у горадзе, а таксама неабходна заключыць платныя дамовы з камунальнымі службамі і хуткай дапамогай. Апазыцыянэры ж заявілі пікеты на іншых пляцоўках, што і паслужыла падставай для адмовы ў дазволе.

Уладзімер Сякерка

«У гэтым жа выпадку — правядзеньні сходу з выбаршчыкамі ў памяшканьні, а не на пікеце — ня трэба дазвол выканкама, а толькі ўзгадненьне з выбарчай камісіяй», — удакладніў Уладзімер Сякерка.