Сёньня ў Кіеве ля Міхайлаўскага манастыра стартаваў усеўкраінскі маратон «Прастора міру», мэта якога — паяднаньне людзей з розных культураў, якія жадаюць міру ва Ўкраіне.
Падчас акцыі прадстаўнікі розных культураў прачыталі на сваіх мовах вершы пра мір, а дзеячы розных рэлігіяў працытавалі фрагмэнты сваіх сьвятых пісаньняў пра мір або пра датычныя да яго тэмы — братэрства, любоў, прабачэньне, надзею і веру.
Прадстаўлена на старце маратону была і беларуская культура — вершам Зьмітра Захарэвіча «Маналёг Юркі Моніча».
Пасьля акцыі беларускія яе ўдзельнікі ўсклалі кветкі да сымбалічнага помніка байцам Антытэрарыстычнае апэрацыі — каб ушанаваць у тым ліку і беларусаў, якія загінулі за мір і свабоду Ўкраіны.
Your browser doesn’t support HTML5
Маналёг Юркі Моніча
Зноў узгадваюць, моляцца, плачуць,
Кладуць кветкі і ставяць зьнічы
Тым, каго прысуд «надзвычайкі»
У ворагі й здрайцы ўлічыў.
Непапраўныя нацыі страты...
Толькі сэрца пытаньнем шчыміць —
Хіба кат адзін вінаваты,
Як хацелі цішком перабыць?
З грудзёў боль пякельны ня вырваць —
Хай кастрычнік агнямі ўзгарэў,
Ды хто змушаў апяваць тую чырвань,
Павяла ўрэшце што на расстрэл?
А жаўнер, які склаў сваю зброю
І пасьля быў пагнаны на сьмерць,
Ці ж ня мае віны за сабою,
Што запанаваў людажэр?
Хіжа шчэрыцца Молах крывавы,
Толькі кіну драпежніку ў твар:
— Мяне не прынесьлі ў ахвяру —
Я
Жыцьцё Краю ахвяраваў!
Юрка Моніч кіраваў антыбальшавіцкім рухам у цэнтральных раёнах Беларусі з 1919 да 1924 году, быў кіраўніком штабу І партызанскага беларускага аддзелу войскаў БНР. Загінуў у перастрэлцы з бальшавікамі.