Паводле крыніцы CNN, расейскі бок папярэдзіў амэрыканцаў, каб іх вайсковыя самалёты ня лёталі ў паветранай прасторы Сырыі, але не інфармаваў, дзе менавіта будзе наносіцца ўдар. Прадстаўнік уладаў ЗША сказаў, што амэрыканскія ваенна-паветраныя місіі працягваюцца ў звычайным рэжыме.
Раней сёньня верхняя палата расейскага парлямэнту, Савет Фэдэрацыі, адзінагалосна дала дазвол прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну ўвесьці войскі ў Сырыю.
Мінулы раз расейскі парлямэнт даваў такі дазвол, калі Расея анэксавала Крым на пачатку 2014 году.
Расея нарошчвае вайсковую прысутнасьць у Сырыі, дзе яна падтрымлівае ўрадавыя сілы прэзыдэнта Башара Асада супраць ваяўнікоў групоўкі «Ісламская дзяржава» і паўстанцаў, якіх падтрымлівае Захад.
Кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Сяргей Іваноў заявіў пасьля галасаваньня ў Савеце Фэдэрацыі «Сырыйскі прэзыдэнт папрасіў кіраўніцтва нашай краіны аб ваеннай дапамозе». Іваноў, аднак, дадаў, што ў канфлікце будуць удзельнічаць не расейскія сухапутныя войскі, а толькі авіяцыя.
27 верасьня Ўладзімер Пуцін заявіў, што Расея не плянуе «прама зараз» уводзіць баявыя войскі ў Сырыю, але працягне падтрымку сырыйскага ўраду. Пра гэта Пуцін сказаў у інтэрвію амэрыканскім тэлеканалам CBS і PBS.
«Расея ня будзе ўдзельнічаць у якіх-небудзь ваенных дзеяньнях на тэрыторыі Сырыі або любых іншых дзяржаў. Ну, прынамсі, мы не плянуем гэтага «прама зараз», — сказаў Пуцін.
Расейскі прэзыдэнт таксама раскрытыкаваў палітыку ЗША ў Сырыі, заявіўшы, што амэрыканская ваенная падтрымка сырыйскіх паўстанцаў ня толькі «незаконная, але контрапрадуктыўная».