Уладальнік маёнтка ў Красках: «Хайтэкаў тут ня будзе, хачу аднавіць усё, як было пры панах...»

Маёнтак роду Сегеняў у Красках Ваўкавыскага раёна

Расейскі прадпрымальнік Вадзім Селіхаў аднаўляе маёнтак роду Сегеняў у вёсцы Краскі Ваўкавыскага раёну. Марыць пажыць у маёнтку на пэнсіі і зрабіць яго прывабным для беларускіх і замежных турыстаў.

Расейскі прадпрымальнік Вадзім Селіхаў набыў маёнтак у Красках з аўкцыёна на пачатку 2010 году за сто тысяч даляраў. Сегені збудавалі яго напачатку дваццатага стагодзьдзя, праўда, пажыць тут як сьлед ня здолелі — гісторыя склалася так, што давялося зьехаць, пакінуць радзіму і пазьней сюды не вярнуцца. Найбольшай цікавосткай нэагатычнага маёнтка зьяўляецца вежа з зубчатымі парапэтамі і сьцяжком-флюгерам, якая ўпрыгожвае адзін з кутоў маёнтка.

За гэты час маёнтак перажыў дзьве сусьветныя вайны, польскую і савецкую ўлады, нямецкую акупацыю і ў незалежную Беларусь унікальны помнік на беразе Зяльвянкі патрапіў, як пісалі адмыслоўцы, у жудасным стане. Паводле ўмоваў аўкцыёна, плянавалася, што аб’ект павінны аднавіць да 2017 году. Сёньня гэтая дата падаецца нерэальнай, паколькі працы па аднаўленьні маёнтка яшчэ вельмі і вельмі шмат.

Вадзім Селехаў – новы гаспадар маёнтка ў Красках

Спадар Селіхаў да таго ж вельмі скрупулёзна ставіцца да аднаўленьня будынку, запрашае лепшых адмыслоўцаў, кансультуецца. Цікаўлюся ў яго: ці не шкадуе, што выдаткаваў вялікія грошы на набыцьцё маёнтка, паколькі ўкладаць у яго аднаўленьне давядзецца, магчыма, у разы яшчэ болей?

— Ды не, я ведаў, што раблю, і ў Беларусі заўсёды хацеў жыць. Я сюды прыяжджаю ўжо 25 гадоў, у мяне тут сябры. І заўсёды была мара нешта такое тут набыць і аднавіць. Зразумела, што тут вельмі шмат працы, бо маёнтак быў у вельмі жудасным стане. І рэстаўрацыйны праект доўга рыхтуецца. Да ўсяго, гэты будынак будаваў нейкі цікавы архітэктар: вежа вісіць там на дзьвюх сьценах. Ну а што: вочы баяцца, а рукі робяць.

Валеры Селіхаў тлумачыць, што маёнтак зьяўляецца помнікам архітэктуры дзяржаўнага значэньня, а гэта ў сваю чаргу азначае, што працы па рэстаўрацыі будынку павінны весьціся пад кіраўніцтвам навуковага кіраўніка, што дадае яшчэ большай адказнасьці. Хутка, паводле яго словаў, рэстаўрацыйны праект будзе зацьверджаны, прычым, з канкрэтнымі тэрмінамі ягонай здачы.

У гэтым сэнсе якраз мяне цікавіць — ці падчас рэстаўрацыі максымальна захаваецца аўтэнтычнасьць маёнтка і іншых забудоў, якія месьцяцца побач? Гаспадар адказвае, што гэта ягоная асноўная ідэя:

— Тут вельмі складаная архітэктура, а зьвестак пра маёнтак практычна не захавалася. Мы рабілі запыты ў архівы Польшчы, Пецярбурга, Масквы — паўсюль, я нават на аўкцыёнах купляў здымкі, але інфармацыі ўсё роўна вельмі мала. Тым ня менш я спрабую аднавіць усё, як было, каб людзі змаглі пабачыць ягоную аўтэнтычнасьць. Хайтэкаў тут ня будзе, усё будзе адноўлена блізка да таго, як было пры панах.

Так выглядае цяпер маёнтак у Красках, дзе вядуцца рэстаўрацыйныя работы

— Тут вельмі шыкоўны парк, на ягонае аднаўленьне высілкаў патрэбна ня меней, чым на будынкі?

— Калі я сюды прыйшоў першы раз, парку ўжо не было, паўсюль былі зарасьнікі, дрэвы загінулі, бо парк нават не прадуваўся. Мы з навуковым кіраўніком зрабілі здымкі, зацьвердзілі ў Міністэрстве культуры. Тут зьнесьлі каля 600-700 дрэваў, якія саманасеяліся ў свой час. А дэкаратыўных дрэваў наагул ужо не было, яны былі страчаныя яшчэ за савецкім часам. Тут засталося толькі пяць відаў дрэў, а было — сорак. І таму я маю намер усё гэта таксама аднаўляць. Зараз рыхтуецца праект, і я буду высаджваць саджанцы тых дрэваў, якія тут былі першапачаткова.

Цікаўлюся ў спадара Селіхава, што ён плянуе зрабіць у маёнтку калі яго адновіць?

— Спачатку галоўнае — адрэстаўраваць. Вы паглядзіце, тут ня толькі гэты будынак, а мы ўжо адрэстаўравалі флігель, аранжэрэю, лазьню, а там яшчэ стаяць канюшні — комплекс вялікі, а жыцьцё праходзіць хутка. Я ня ведаю, калі зараз падумаю зрабіць тут нейкую аграсядзібу, а праз пяць гадоў пляны могуць зьмяніцца і захочацца зрабіць гатэль. Тут будзе нешта для людзей, я ня буду тут жыць адзін. Магчыма гэта будзе гатэль для беларускіх і замежных турыстаў. Пакуль такія пляны.

Цікаўлюся ў спадара Селіхава, ці мае ён беларускія карані, ці прызвычаіўся да беларускае вёскі, беларускае мовы і тутэйшага ладу жыцьця?

— У мяне тут вельмі добрыя сябры, каранёў няма, і я прыяжджаю сюды ўжо каля 30 гадоў, мне тут вельмі падабаецца і клімат і людзі. А людзі асабліва тут вельмі добрыя, гэта як трапляеш у тыя часы, калі хатаў ніхто не зачыняў. Я вельмі добра памятаю тыя часы, а мы жылі на Поўначы, людзі таксама былі добрыя, не было злосьці. І вось тут я ўсё гэта пабачыў цяпер. Я тут ўсё пакідаю на двары і тэхніку і дзьверы часта не зачыняю. У мяне людзі працуюць тут 5 гадоў, прычым, самыя розныя і нічога нідзе не згінула.

Так выглядае цяпер маёнтак у Красках, дзе вядуцца рэстаўрацыйныя работы