Паводле дадзеных міжнародных арганізацый, лік уцекачоў і мігрантаў, якія прыбылі ў Эўропу сёлета перавысіў паўмільёна. Гэта больш чым у два разы болей колькасьць мігрантаў за ўвесь 2014 год.
Паводле інфармацыі ведамства ААН па справах уцекачоў, з пачатку гэтага году каля 515 тысяч мігрантаў і уцекачоў дабраліся да Эўропы па Міжземным моры. 383 000 зь іх прыбылі ў Грэцыю, яшчэ 129 тысяч — у Італію.
Прыкладна 2 980 чалавек, якія спрабавалі трапіць у краіны Эўразьвязу морам, загінулі або зьніклі бязь вестак.
Паводле дадзеных Міжнароднай арганізацыі міграцыі, да Эўропы морам дабраліся 522 124 чалавекі, больш за 388 000 зь іх прыбылі ў Грэцыю.
Большасьць мігрантаў, якія дабраліся да Эўропы, сырыйцы.
З пачатку ўзброенага канфлікту ў Сырыі ў 2011 годзе краіну вымушаныя былі пакінуць каля чатырох мільёнаў чалавек, больш за сем мільёнаў сталі ўнутранымі перасяленцамі.
Апошнім часам паміж краінамі Эўразьвязу паўсталі рознагалосьсі з нагоды шляхоў ўрэгуляваньня крызісу, зьвязанага з масавым наплывам мігрантаў.