У выпадку дадатковага транзыту з Расеі і Ўкраіны «Белавія» наросьціць магутнасьці

Самалёт «Міжнародных авіяліній Украіны», ілюстрацыйнае фота

Масква і Кіеў перайшлі да высьвятленьня адносінаў у паветры. Расейскі ўрад агучыў намер забараніць «Міжнародным авіялініям Украіны» ажыцьцяўляць палёты ў Расею ў адказ на аналягічныя захады ўкраінскіх уладаў. Ці скарыстаецца сытуацыяй Беларусь, якая можа стаць асноўным транзытным калідорам на расейска-ўкраінскім напрамку?

Кабінэт міністраў Украіны падтрымаў ініцыятыву Рады нацыянальнай бясьпекі, забараніўшы двум дзясяткам расейскіх кампаніяў палёты ва ўкраінскія аэрапорты з пачаткам зімовай навігацыі, то бок ад 25 кастрычніка. А такія буйныя перавозчыкі, як «Аэрофлот» і «Трансаэро», сталі «пэрсонамі нон-грата» ўжо пры канцы мінулага тыдня. Як эмацыйна выказаўся прэм’ер-міністар Украіны, «няма чаго тут рабіць самалётам з расейскім трыкалёрам».

Канкрэтна пад забарону падпала 21 авіякампанія — найперш зь ліку тых, якія, ігнаруючы пратэсты ўкраінскіх уладаў, рабілі рэгулярныя рэйсы ў анэксаваны Крым. У ліку такіх перавозчыкаў, апроч ужо згаданых «цяжкавагавікоў», — S7, «UTair», «Red Wings», «Газпром-Авиа», «ВИМ-авиа», «Ак Барс Аэро», «Донавиа», «Оренбургские авиалинии», «Россия», «РусЛайн», «Сибирь», «Уральские авиалинии», «Якутия», «Ямал» ды іншыя. Адпаведныя паведамленьні ім былі дасланыя 28 верасьня.

Фэдэральнае агенцтва «Росавиация» адрэагавала люстранымі захадамі, заявіўшы, што ад 25 кастрычніка для ўкраінскіх самалётаў гэтаксама будуць забароненыя палёты над Расеяй.

Нягледзячы на запатрабаванасьць кірунку, суб’екты гаспадараньня мусяць улічваць палітычныя рэаліі. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, адзін толькі «Аэрофлот» рабіў штотыдзень 35 рэйсаў з Масквы ў Кіеў, «Трансаэро» — 22, «UTair» і S7 — па 14. Гэта без уліку палётаў у Адэсу, Львоў, Харкаў, а таксама маршрутаў зь іншых гарадоў Расеі.

Украінскі нацыянальны перавозчык «Міжнародныя авіялініі Ўкраіны» лятае па 13 разоў на тыдзень з Кіева ў Маскву і Санкт-Пецярбург, тры разы ў Калінінград і пяць разоў з Адэсы ў Маскву. Расейскія экспэрты ацэньваюць недаатрыманы гадавы прыбытак у «дзясяткі мільёнаў даляраў», украінскія апэруюць больш дакладнымі лічбамі — звыш 50 мільёнаў даляраў з улікам прастою самалётаў. Аналітыкі схільныя лічыць, што двухбаковыя санкцыі ўрэшце прывядуць да паралічу авіяцыйных зносінаў, як ужо было паміж Расеяй і Грузіяй у 2008 годзе.

Тады ролю ратавальніка ўзяў на сябе Менск — самалёты ў Тбілісі і назад ляталі запоўненыя пад завязку, большую палову пасажыраў складалі грузіны. Хутчэй за ўсё, гэтым разам сытуацыя паўторыцца: нягледзячы на магчымасьць падарожжа чыгункай (адрозна ад варыянту Грузіі), пералёт зь перасадкай у Нацыянальным аэрапорце «Менск» расейцам ды ўкраінцам на выхадзе абыдзецца нават таньней.

Ці гатовыя авіяцыйныя ўлады Беларусі да таго, каб павярнуць сытуацыю на сваю карысьць? Намесьнік гендырэктара кампаніі «Белавія» Ігар Чаргінец не выключае, што пэўная частка пасажыраў пераарыентуецца на Беларусь, каб адсюль скіравацца ў Расею. І наадварот:

Ігар Чаргінец

«Мы разглядаем у тым ліку і такую магчымасьць, цяпер сытуацыя дасьледуецца, праводзіцца адпаведны аналіз. Але паколькі на гэты момант нейкі дадатковы пасажырапаток не адчуваецца, то проста няма падставы на нешта рэагаваць».

Карэспандэнт: «Але калі будзе патрэба, магутнасьці можна нарасьціць?»

«Так, у адпаведнасьці зь міжурадавымі пагадненьнямі паміж Беларусьсю і Расеяй, Беларусьсю і Ўкраінай. Усё будзе вырашацца на афіцыйным узроўні».

«Белавія» ажыцьцяўляе два штодзённыя палёты па маршруце Менск — Кіеў — Менск, плюс яшчэ адзін рэйс выконваюць «Міжнародныя авіялініі Ўкраіны». Як удакладняе спадар Чаргінец, на кіеўскі аэрапорт «Барыспаль» задзейнічаныя ня самыя вялікія самалёты, але калі пачне адчувацца падвышаны попыт, на лінію выйдуць больш умяшчальныя паветраныя караблі.

Тым часам Кабінэт міністраў Украіны забараніў транзытныя палёты над тэрыторыяй дзяржавы расейскім самалётам з грузамі вайсковага ці падвойнага прызначэньня. З тае ж прычыны, але ўжо на зямлі, пад санкцыі падпала «Першая грузавая кампанія», якая займаецца пастаўкамі грузаў чыгункай. Агулам чорны сьпіс Рады бясьпекі Ўкраіны ўключае 388 фізычных і 105 юрыдычных асобаў, супраць якіх ужытыя розныя меры ўзьдзеяньня: ад забароны на ўезд у краіну да арышту маёмасьці.