Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў панядзелак размаўляў з прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам у кулюарах 70-й сэсіі Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку. Фота, дзе відаць, што лідэры дзьвюх дзяржаў размаўляюць сам-насам, разьмясьціў на сваёй Твітэр-старонцы старшыня Сталага прадстаўніцтва Ўкраіны пры ААН амбасадар Юры Сяргееў.
«Адбылася вельмі сур’ёзная размова прэзыдэнтаў Украіны і ЗША», — напісаў Сяргееў, не ўказаўшы, зрэшты, пра што яна была і колькі доўжылася.
На сайце ўкраінскага прэзыдэнта паведамленьня аб гэтай сустрэчы няма.
Міністар замежных спраў Украіны Павал Клімкін таксама паведамляў раней, што Парашэнка сустрэнецца з Абамам паміж ланчам з генсакратаром ААН і самітам па пытаньнях міратворчасьці.
«Будзе кароткая сустрэча, там будуць абмяркоўвацца некалькі пытаньняў, пра якія я не магу падрабязна расказаць», — сказаў Клімкін.
Паўтарагадзінную сустрэчу з амэрыканскім прэзыдэнтам сам-насам меў напярэдадні і расейскі прэзыдэнт. Барак Абама і Уладзімер Пуцін, як паведамляецца, галоўным чынам казалі пра сытуацыю ў Сырыі.
Сёньня, 29 верасьня, у рамках правядзеньня агульных дэбатаў на трыбуну ААН падымецца прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. Акрамя канфлікту на Данбасе і падтрымкі Расеяй тамтэйшых сэпаратыстаў, ён абяцаў паставіць пытаньне аб абмежаваньні права вэта сталых сябраў Рады бясьпекі ААН.