Амэрыканскія беларусы заклікаюць ЗША не дапусьціць стварэньня расейскай авіябазы ў Беларусі

Нью-Ёрк, 27 верасьня 2015 году.

Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне вуступіла супраць плянаў расейскага ўраду заснаваць вайсковую авіябазу ў Беларусі.

У заяве, прынятай у апошнія выходныя, Задзіночаньне сьцьвярджае, што авіябаза ўяўляе сабою наўпроставую пагрозу незалежнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Беларусі.

Авіябаза, як адзначаецца ў заяве, супярэчыць Канстытуцыі Беларусі, а аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі «ня мае міжнароднай легітымнасьці, каб прымаць такія рашэньні ад імя дзяржавы і грамадзтва».

«Праз заснаваньне ваеннай базы Расея ўцягвае Беларусь у патэнцыйны ўзброены канфлікт на няправільным баку гісторыі — у якасьці пляцоўкі для правядзеньня незаконных апэрацый агрэсіўнай дзяржавы» — адзначае Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне.

Заява заканчваецца заклікам:

«Мы заклікаем урад Злучаных Штатаў прадухіліць падпісаньне і рэалізацыю гэтага незаконнага, антыбеларускага пагадненьня паміж Беларусьсю і Расеяй. Гэтая дамова наўпрост прывязаная да вайны Крамля супраць Украіны. Яе выкананьне пагоршыць і без таго нестабільную сытуацыю ў рэгіёне».