Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на плянарным пасяджэньні саміту ААН па ўстойлівым разьвіцьці, закрануў тэму ўкраінскага крызісу.
«Калі ня спынім кровапраліцьце ў Эўропе, братазабойчую бойню, дапусьцім эскаляцыю гэтага канфлікту, „горача“ будзе ўсяму цывілізаванаму сьвету. Прабачце мне, зробім яшчэ адзін крок да глябальнага канфлікту, а магчыма, да новай сусьветнай вайны, ужо ў цэнтры цывілізаванага і прасунутага сьвету», — цытуе Лукашэнку БЕЛТА.
«Няўжо, уступіўшы ў новае тысячагодьдзе, мы так і не зразумелі, які кволы сьвет і чалавечая цывілізацыя?» — зьвярнуўся ён да прысутных у залі.
Лукашэнка адзначыў, што хацеў бы сваімі словамі падвесьці «моцных сьвету гэтага» да адной думкі.
«Зразумела, сёньня няма той сілы, якая б вас спыніла. Але ж кіраўнікі дзяржаў, якія зьдзяйсьняюць блюзьнерства, усе вернікі, нават многія публічна моляцца. Але бог жа бачыць усё, і ён справядлівы. А калі раззлуецца і пакарае вінаватых? Вас, вашы народы, якія пацерпяць бязьвінна за вашы авантуры», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Думаю, трэба спыніцца. Трэба дапамагчы людзям бедных краін апрануцца, вылекавацца, атрымаць адукацыю. Накарміце галодных, выратуйце ад гібелі дзяцей, і вам аддасца», — падкрэсьліў Лукашэнка.