Ведаеце, увогуле я даволі скептычна стаўлюся да канцэпцыі поўнай праўды, і ні ў якім разе не зьяўляюся тут маральным максымалістам. Усе мы ў жыцьці вымушаныя час ад часу маніць — нярэдка гэта апраўдана і абставінамі і наступствамі «татальнай праўдзівасьці».
Мяне, аднак, зьдзіўляе і чапляе той варыянт нязграбнай хлусьні, які ня выкліканы непазьбежнай неабходнасьцю і які вельмі лёгка і хутка правяраецца.
Адразу пасьля свайго першага выступу па БТ кандыдат у прэзыдэнты Тацяна Караткевіч заявіла ў інтэрвію Эўрарадыё, што «падчас запісу гаварыла без падрыхтаваных папераў і дапамогі тэхнічнага суфлёра».
Кожны, хто хоць трошкі знаёмы з тэлебачаньнем, разумее, што гэта няпраўда. Любыя — самыя вялікія і красамоўныя — палітыкі чытаюць свае тэлевізійныя прамовы. Калі чалавек вядзе жывую размову — гэта іншае, гэта адразу відаць, фразы не прыгладжаныя, існуюць эмацыйныя ўсплескі і разрывы. Было відавочна, што Караткевіч чытае падрыхтаваны тэкст, часам яна запіналася і перачытвала фразы. Што ў гэтым кепскага? Навошта хлусіць? Вось якая ў гэты практычная неабходнасьць?
Другі, больш вядомы прыклад. Чытаем у тым самым матэрыяле Эўрарадыё адразу пасьля першага выступу Караткевіч — «Але другі свой выступ яна абяцае прамаўляць па-беларуску». Тут не прыведзена канкрэтнай цытаты Караткевіч, але ніхто гэтыя яе словы не абвяргаў, не карэктаваў. Больш за тое, у сацыяльных сетках прадстаўнікі каманды Караткевіч менавіта гэтымі словамі адказвалі на крытыку — маўляў, паглядзіце, вось другі выступ будзе па-беларуску.
Хлусьня выявілася ўжо праз тыдзень, калі ў другой прамове па БТ Караткевіч па-беларуску выступала каля трох хвілінаў з 30-ці. Зноў-такі — навошта было хлусіць? Ну, сказала б — «частка прамовы будзе па-беларуску...» Ці — «я хачу па-беларуску, але начальства не дазволіла».
І нарэшце, трэцяе. У інтэрвію Глебу Лабадзенку у межах сумеснага праекта ePramova.org і Naviny.bу, адказваючы на пытаньне, колькі сёлета плацілі зборшчыкам за подпісы, Караткевіч кажа — «Вы што?! Ніколькі! Усё добраахвотна!» Кандыдатка пайшла яшчэ далей, заявіўшы — «Я нават не ведаю пра тое, каб плацілі ў 2010 годзе».
Прызнаюся, я ажно падскочыў на месцы, калі гэта прачытаў. Слухайце, колькі разоў ужо пра гэта пісана-перапісана — тое, што на выбарах плацяць, даўно ніхто не адмаўляе. Можна ж было дыпляматычна адказаць у стылі «людзі цэлымі тыднямі працуюць без перадыху, трацяць свой час і сілы, натуральна, што іх праца павінна аплачвацца».
Калі вы пачынаеце хлусіць, гэта яшчэ не значыць, што вы становіцеся палітыкам.
Ведаючы, што за подпісы плацяць, але ня ведаючы канкрэтных лічбаў, я нават адмыслова «навёў даведкі» з гэтай нагоды. Дакладаю — зборшчыкам подпісаў за Караткевіч у сёлетняй кампаніі плацілі па 5 тысяч беларускіх рублёў за подпіс. Вядома, гэта зусім ня тое, што было ў 2010 годзе, калі за подпіс плацілі па 1 даляры і (пры пэўных абставінах) нават па 2 даляры.
Я вось што скажу. Калі вы пачынаеце хлусіць, гэта яшчэ не значыць, што вы становіцеся палітыкам. Хлусіць таксама трэба ўмець, павучыцеся ў некаторых калегаў. Хлусіць трэба так, каб: 1. Гэта не магчыма было праверыць. Альбо 2. Хлусьня правяраецца толькі праз доўгі час, калі пра яе ўжо ўсе забудуць.
І дарэчы, я маю сваю вэрсію таго, чаму Караткевіч у некаторых пытаньнях так лёгка і адвольна кажа няпраўду. Бо ўсе тры прыведзеныя мной прыклады важныя толькі для так званай палітычна актыўнай часткі грамадзтва. Для шырокай публікі можна казаць — «не чытаю з экрану свой выступ, і ў кампаніі нікому не плацяць грошы». Людзі ў гэтым не разьбіраюцца, могуць і паверыць. А тыя экспэрты і палітычныя актывісты, якія ведаюць, што гэта няпраўда — дык каму яны патрэбныя, каго цікавіць іхняе меркаваньне? Яны ж не большасьць, не «балота», да якога трэба дагрукацца.
Ня ведаю, ці заваявала ўжо «балота» каманда Караткевіч, але мой давер яна імкліва страчвае.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.