Прадстаўнік Тацяны Караткевіч у ЦВК Ігар Лялькоў распавёў карэспандэнту Свабоды:
«Наш кандыдат просіць час для выступу менавіта па тэлевізіі, пра радыё гаворка не ідзе, бо гэта ня вельмі істотна. Просіць усю гадзіну — якраз столькі, колькі не скарыстаў Аляксандар Лукашэнка. Матывуе гэта тым, што мала даюць часу для агітацыі па тэлебачаньні, між тым трэба абмеркаваць шмат праблемаў. Цалкам з гэтым згодны. У нармальнай краіне кандыдаты на прэзыдэнта не „вылазяць“ з ТВ, а ў нас — усяго гадзіна на ўсю агітацыйную кампанію. І людзі кажуць, што гэтага мала, асабліва пасьля апошняга выступу шмат такіх заўваг. Вось толькі што закончылася сустрэча Тацяны Караткевіч з выбарцамі ў Лідзе, дык таксама людзі казалі, што недастаткова часу даюць для выступаў. Будзем чакаць адказу ЦВК у панядзелак».
Паводле Ігара Лялькова, у штабе Тацяны Караткевіч невядома, ці зьвярталіся з аналягічнай прапановай у ЦВК прадстаўнікі іншых кандыдатаў у прэзыдэнты. «Канешне, было б справядліва падзяліць „Лукашэнкаў“ час на ўсіх трох, мы ня супраць, але ад іншых кандыдатаў прапаноў пра гэта ня чулі», — сказаў Ігар Лялькоў.
Аляксандар Лукашэнка гэтак і не скарыстаў магчымасьць выступіць гадзіну па радыё і столькі ж па тэлебачаньні як кандыдат у прэзыдэнты. 25 верасьня ў Жлобіне Аляксандар Лукашэнка сказаў, што «калі некаму трэба, я магу яму падараваць гэты час. Але, самае цікавае, яны ня хочуць болей». Таксама Лукашэнка заявіў, што можа зьвярнуцца да беларусаў напярэдадні галасаваньня.