Прэзыдэнт ЗША Барак Абама пагадзіўся на першую за два гады афіцыйную сустрэчу з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным пасьля «неаднаразовых просьбаў» расейскага боку, паведаміў Белы дом.
Адказваючы на пытаньне журналістаў, ці можна сказаць, што Масква зь «вялікім адчаем» дамагалася сустрэчы двух прэзыдэнтаў, прэс-сакратар Белага дома Джош Эрнэст адказаў: «Так можна сказаць — улічваючы шматлікія просьбы, якія мы атрымлівалі ад расейцаў, яны вельмі зацікаўленыя ў гутарцы з прэзыдэнтам Абамам ».
Эрнэст заявіў, што цэнтральным пытаньнем сустрэчы Абамы і Пуціна ў панядзелак у кулюарах ААН будзе Ўкраіна, хоць Масква абвясьціла ключавой тэмай сустрэчы Сырыю.
«Сустрэча адбудзецца паводле ўзаемнай дамоўленасьці», — заявіў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў. Паводле яго, першачарговая тэма — Сырыя, а на пытаньне, ці будзе абмяркоўвацца Ўкраіна, Пяскоў адказаў: «Ну, як час застанецца».
«Час будзе», — сказаў Эрнэст на брыфінгу ў Белым доме: амэрыканскі бок мае намер настойваць на выкананьні Расеяй Менскіх пагадненьняў па Украіне і праясьніць намеры Масквы ў дачыненьні да Сырыі. Адзначыўшы, што Абама ня будзе дэманстраваць «адкрытай варожасьці», Эрнэст выказаўся аб Расеі як аб рэгіянальнай дзяржаве з эканомікай крыху меншай, чым у Гішпаніі, перадае агенцтва AFP.
«Гэтая сустрэча будзе пададзеная крамлёўскай прапагандай як велізарны палітычны посьпех, — лічыць ваенна-палітычны экспэрт Юры Фёдараў, — але рэальнага посьпеху тут няма. Ну, сустрэнуцца, пагавораць. Я ня бачу поля для кампрамісу, і тым больш для таго, да чаго, верагодна, імкнецца Пуцін, — „абмяняць“ удзел у вайне ў Сырыі на прызнаньне Захадам дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне».
Інтэрвію з Юрыем Фёдаравым чытайце тут.