Гайдукевіч крытыкаваў апазыцыю, і хваляваўся за Эўропу

Апошнім сярод зарэгістраваных кандыдатаў у прэзыдэнты на першым канале Беларускага тэлебачаньня выступіў 25 верасьня Сяргей Гайдукевіч.

Гэтым разам выступ Гайдукевіча быў больш асьцярожным і прыгладжаным, кандыдат ня даў асабліва яркіх выказваньняў, якія з задавальненьнем маглі б цытаваць журналісты. Магчыма, гэта можна патлумачыць тым, што галоўнай тэмай выступу была замежная палітыка — сфэра, у якой варта выказвацца вельмі асьцярожна.

Таму асноўным аб’ектам крытыкі Гайдукевіча стала беларуская апазыцыя. «Аказваецца, калі ты не крытыкуеш усё запар — ты ніхто!» — абураўся кандыдат. «Дарагія мае, я сваю нязгоду выказваю аб’ектыўна і ўзважана». І пазьней: «Частка крайняй апазыцыі ўсяляк імкнецца пагоршыць нашы кантакты з Захадам, больш за тое — заклікае ўвядзеньне ў дачыненьні да краіны і ўласнага народу санкцый». «Але як жа так можна? Нават цяпер некаторыя зь іх, не сабраўшы 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі, ня могуць прызнаць сваю поўную няздольнасьць, а працягваюць ганібіцца і зьвяртацца да Эўропы са стогнамі ўвесьці новыя санкцыі», — адзначыў кандыдат.

Што да канцэптуальных пытаньняў замежнай палітыкі, то тут Гайдукевіч выказаў максымальную абачлівасьць. «Для нашай краінай жыцьцёва неабходна трымаць парытэт паміж Захадам і Ўсходам, дакладна разумець, што Захад — наш партнэр, а Расея — - саюзьнік».

Разам з тым, паводле Гайдукевіча, «чыноўнікі павінны больш настойліва і пасьлядоўна адстойваць беларускі інтарэс ва ўсіх інтэграцыйных утварэньнях, у тым ліку і ў Эўразійскім эканамічным саюзе».

Зьвяртаючыся да гарачай мігранцкай тэмы, Гайдукевіч заявіў, што нельга дапусьціць наплыву мігрантаў у нашу краіну, і выказаў сваю занепакоенасьць станам справаў у Эўразьвязе.


«Векавыя традыцыя проста трашчаць па швах. Нельга адступаць ад базавых прынцыпаў, у гэтым пляне Беларусь можа павучыць ўсю Эўропу». У гэтым моманце Гайдукевіч згадаў Статут ВКЛ і Канстытуцыю Рэчы Паспалітай.


Традыцыйна ў канцы выступу Гайдукевіч заклікаў усіх прыйсьці на выбары і прагаласаваць, заявіўшы, што «толькі выбары прыносяць перамены ў краіну».