ААН — пляцоўка адкрытая для ўсіх. Дзівіцца таму, што Пуцін альбо Лукашэнка выступяць на Генэральнай Асамблеі ня трэба. Расейскі прэзыдэнт рабіў гэта ўжо тройчы — у 2000-м, 2003-м і 2005-м. У 2009-м у Нью-Ёрку прамаўляў яго калега, Дзьмітры Мядзьведзеў.
І для кіраўніка Рэспублікі Беларусь гэта будзе ўжо другі выступ. У 2005 Лукашэнка скарыстаўся магчымасьцю прыехаць у ЗША і пакрытыкаваць Захад за Югаславію, Аўганістан і Ірак.
Дзесяць год таму Лукашэнка быў у Штатах ў абыход амэрыканскіх візавых санкцыяў і ўжо ў статусе «апошняга дыктатара Эўропы». Зараз гэтая тэза ставіцца пад сумнеў як экспэртамі, так і самім Лукашэнкам — паўжартам ён назваў дыктатарам Уладзіміра Пуціна, а вось аналітыкі робяць гэта ўсур’ёз. Выступ у такой ролі ў ААН для яго першы. Ды і ЗША Пуцін не наведваў восем год.
Радыё Свабода ўзгадала яшчэ пяць прамоваў дыктатараў з трыбуны ААН.
Мікіта Хрушчоў, 1960
Менавіта пра гэты выступ існуе міф, што савецкі генсек пагражаў Захаду ботам, выступаючы перад Генэральнай Асамблеяй. Насамрэч, гэта ня так. Абутку тады Хрушчоў у руках не трымаў.
Але дыму без вагню не бывае — лічыцца, што савецкі лідэр грукаў па стале сваім абуткам падчас выступу іншых прэзыдэнтаў, такім чынам дэманструючы сваю абыякавасьць. На тым жа пасяджэньні Хрушчоў назваў філіпінскага дакладчыка «халуём амэрыканскага імпэрыялізму», паставіўшы ў тупік перакладчыкаў.
Фідэль Кастра, 1960
Выступ кубінскага лідэра знакаміты ня тым, што казаў Фідэль, а тым, колькі ён гэта рабіў — прастаяўшы перад трыбунай больш за 4 гадзіны, Кастра ўвайшоў у гісторыю самай доўгай прамовай на Асамблеі.
Хоць нельга сказаць, што ён «упустую» марнаваў час — Кастра пасьпеў паабражаць тагачасных кандыдатаў у прэзыдэнты Джона Кэнэдзі і Рычарда Ніксана.
Кэнэдзі тады выйграў выбары і быў забіты, а Ніксан стаў прэзыдэнтам праз восем год. Кастра фактычна кіраваў Кубай з 1959-га па 2008-ы. Цяпер ва ўладзе знаходзіцца яго родны брат Рауль.
Муамар Каддафі, 2009
Кадафі зьвяртаўся да Генэральнай Асамблеі ў якасьці чалавека, які больш чым 40 гадоў быў кіраўніком Лібіі. Яго выступ цягнуўся паўтары гадзіны замест 15 хвілінаў, падчас прамовы ён разарваў Статут ААН і назваў Раду Бясьпекі «радай тэрору».
Гэтая самая Рада праз два гады прыме рэзалюцыю 1973, якая дазволіць замежным дзяржавам прымаць удзел у грамадзянскай вайне ў Лібіі з мэтай абароны мірнага насельніцтва ад войскаў таго самага Кадафі. Паўстанцы заб’юць яго праз паўгоду, у кастрычніку 2011-га.
Уга Чавэс, 2006
Памерлы сябар прэзыдэнта Беларусі з трыбуны ААН казаў пра небясьпеку імпэрыялізму і пра яшчэ большую небясьпеку імпэрыялізму амэрыканскага. Паводле Чавэса, ЗША пагражае чалавецтву і ставіць «пад пагрозу само выжываньне чалавека як віду». Каб пераканаць прысутных, ён парэкамэндаваў кнігу Ноам Хомскага «Гегемонія або выжываньне: памкненьне Амэрыкі да глябальнага дамінаваньня».
Пазьней Чавэс назваў Джорджа Буша д’яблам і ўладальнікам сьвету.
Даніэль Артэга, прэзідэнт Нікарагуа, 1987
На момант сваёй прамовы Артэга яшчэ не лічыўся дыктатарам. Проста яго падтрымоўваў СССР, а яго супернікаў — ЗША. Пра гэта і вялося ў яго прамове. Артэга папярэдзіў Рэйгана аб недапушчальнасьці ўмяшальніцтва ў справы краіны.
З умяшальніцтвам альбо без, наступныя выбары ён прайграў, а на пасаду вярнуўся ў 2006 і дагэтуль яе займае. Зараз сумневаў у тым, што Артэга застаецца дыктатарам. У нашых краях Нікарагуа знакаміта моцнай падтрымкай замежнапалітычных ініцыятываў Расіі — гэта адна зь пяці краінаў, якія прызналі незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі і адна з адзінаццаці, якія падтрымалі анэксію Крыму.
Іван Шыла для Радыё Свабода