Пасьля трызны прах Аляксея Караля будзе пахаваны на Паўночных могілках.
Гісторык, палітоляг, галоўны рэдактар газэты «Новы Час» Аляксей Кароль памёр 12 верасьня 2015 году. У апошні час Кароль змагаўся з ракам лёгкіх, але працягваў актыўна ўдзельнічаць у працы рэдакцыі і грамадзкім жыцьці Беларусі. Апошнія тры месяцы Аляксей Кароль правёў у коле сям’і сына ў Сынгапуры, дзе праходзіў курс лекаваньня. Аляксей Кароль нарадзіўся ў 1945 годзе ў пасёлку Копысь Аршанскага раёна Віцебскай вобласьці. Быў кандыдатам гістарычных навук, працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук БССР. Аўтар трох гістарычных кніг.
Займаўся палітыкай, быў адным з заснавальнікаў Партыі народнай згоды, быў адным зь лідэраў сацыял-дэмакратаў. У 2004 годзе балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў, у 2006 годзе быў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна.
Выдаваў газэту «Згода», быў галоўным рэдактарам выданьня «Новы час».
Класкоўскі: яго заўжды было цікава паслухаць
Кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі згадвае Аляксея Караля:
«Аляксей Кароль быў інтэлэктуалам. Гэта чалавек, якога заўжды было цікава паслухаць, нават падыскутаваць. Пры тым, што ён шмат гадоў быў, умоўна кажучы, у дэмакратычным лягеры, разам з тым ён не абмяжоўваўся нейкімі павярхоўнымі лабавымі лёзунгамі, ён стараўся асэнсаваць, у якой сытуацыі знаходзіцца беларускае грамадзтва і куда мы ідзем. Ён быў палітыкам у свой час, потым зьмяніў сфэру дзейнасьці, і на гэта таксама патрабавалася, відаць, унутраная перабудова. Потым ён паказаў сябе таленавітым рэдактарам, і я ведаю, што тыя журналісты, тыя мае калегі, якія зь ім працавалі, вельмі высока ацэньвалі і ягоныя рэдактарскія якасьці, і ягоны дэмакратызм. Ён ня ціснуў аўтарытэтам, даваў кожнаму разгарнуцца, кожнаму выказаць сваю пазыцыю і прадэманстраваць свой талент. Шкада, што такія фігуры сыходзяць, і даводзіцца казаць пра такіх людзей у мінулым часе».
Галоўны рэдактар газэты «Наша Ніва» Андрэй Дынько:
«Гэта быў вельмі сумленны чалавек, які добра разумеў, што трэба рабіць, каб наша Беларусь была і каб яна была лепшай. Ён выгадаваў цудоўных дзяцей і пражыў годнае жыцьцё».
Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2006 году Аляксандар Казулін:
«Гэта быў чалавек, які балеў за краіну, але не дачакаўся перамен».