Пуцін усё ж пагаварыў па тэлефоне з Элтанам Джонам

Уладзімір Пуцін паразмаўляў па тэлефоне з брытанскім сьпеваком Элтанам Джонам і паабяцаў сустрэцца з музыкам, падае Бі-Бі-Сі словы прэс-сакратара прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Пяскова.

«Пуцін сказаў, што ведае, наколькі Элтан Джон папулярны выканаўца, і запэўніў, што калі ў будучыні іх графікі супадуць, ён будзе гатовы зь ім сустрэцца і абмеркаваць любыя пытаньні, якія цікавяць сьпевака», — распавёў Пяскоў.

Расейскі прэзыдэнт таксама папрасіў музыканта ня крыўдзіцца на розыгрыш расейскіх пранкераў. У размове з Элтанам Джонам Пуцін назваў пранкераў «бяскрыўднымі хлопцамі», «людзьмі бясшкоднымі», хоць гэта, падкрэсьліў прэзыдэнт, і не апраўдвае іх выхадкі.

«Я хацеў бы сустрэцца з Пуціным, — раней тлумачыў Элтан Джон у інтэрвію дыпляматычнаму карэспандэнту Бі-бі-сі Брыджэт Кендал. — Гэта, напэўна, утапічная ідэя ... Ён можа засьмяяцца за маёй сьпінай, калі зачыніць за мной дзьверы, і назваць мяне поўным ідыётам, але прынамсі я буду ведаць, што ў мяне хапіла сумленьня паспрабаваць».

«Бяскрыўдныя хлопцы»

У сярэдзіне верасьня Элтан Джон раптоўна заявіў, што Пуцін патэлефанаваў яму па тэлефоне. У сваім экаўнце ў «Інстаграме» сьпявак падзякаваў прэзыдэнту за званок і выказаў надзею на хуткую асабістую сустрэчу, на якой ён хацеў бы абмеркаваць правы гомасэксуалаў у Расеі.

Аднак Дзьмітры Пяскоў абверг факт такой гутаркі, адзначыўшы пры гэтым, што Пуцін гатовы пагаварыць са сьпеваком.

На другі дзень стала вядома, што Элтану Джону ад імя Пуціна патэлефанавалі расейскія пранкеры Уладзімір Красноў і Аляксей Сталяроў, вядомыя як Ваван і Лексус.

Поўны запіс 11-хвіліннага розыгрышу быў апублікаваны на партале YouTube. Паводле саміх пранкераў, яны гатовыя папрасіць прабачэньня перад папулярным музыкам за розыгрыш.

Аб правах ЛГБТ

Расейскі закон аб забароне прапаганды гомасэксуалізму сярод непаўналетніх быў сустрэты на Захадзе як дыскрымінацыйны ў дачыненьні да геяў і зазнаў жорсткую крытыку.

Леташняя справаздача праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch сьведчыць аб тым, што расейскія ўлады не змаглі прадухіліць акты гвалту на глебе гамафобіі і не пакаралі вінаватых. Паводле зьвестак арганізацыі, у Расеі расьце колькасьць нападаў на прадстаўнікоў розных меншасьцяў.

Пасьля таго, як у Вялікабрытаніі ў 2004 годзе быў ратыфікаваны Акт грамадзянскага стануі было ўведзенае паняцьце аднаполага шлюбу, Элтан Джон і ягоны партнэр Дэьвід Фэрніш ўзаконілі адносіны. Пара выхоўвае дваіх дзяцей, народжаных ад сурагатных маці.