БАЖ: «Агульны публічны выгляд апазыцыі не зьяўляецца сёньня прывабным»

Алесь Анціпенка

Грамадзкая арганізацыя «Беларуская асацыяцыя журналістаў» прэзэнтавала маніторынг «Асьвятленьне прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году ў беларускіх СМІ».

Аб’ектамі дасьледаваньня сталі чатырнаццаць дзяржаўных і незалежных друкаваных і электронных мэдыяў. Гэтае дасьледаваньне БАЖ праводзіць падчас кожнай прэзыдэнцкай кампаніі, каб прааналізаваць справядлівасьць, аб’ектыўнасьць і неперадузятасьць у асьвятленьні прэзыдэнцкай выбарчай гонкі. Дасьледаваньне мае параўнальную характарыстыку з папярэднім этапам выбарчай кампаніі і выбарамі 2010 году.

Як паведаміў кіраўнік праекту Алесь Анціпенка, зьмены ў асьвятленьні выбараў дзяржаўнымі мэдыямі адбываюцца, але неістотныя: павялічылася колькасьць часу, які адводзіцца выбарам і кандыдатам у прэзыдэнты, амаль цалкам праігнараваная апазыцыя, пазытыўна падаецца дзейнасьць эўрапейскіх структураў. Як падкрэсьліў спадар Анціпенка, гэтаму ёсьць некалькі прычынаў:

«Першая — жаданьне стварыць больш устойлівую пляцоўку для Беларусі ў балянсаваньні паміж Расеяй і Захадам. Нездарма перад выбарамі нашы дыпляматы рабілі спробы палепшыць адносіны з Эўразьвязам. Тут і падзеі ва Ўкраіне, і пошукі крэдытаў. І другая прычына — хоць і няма сур’ёзнага выкліку дзейнаму прэзыдэнту, тым ня менш дзяржаўныя мэдыі асьвятляюць выбары ў сваёй традыцыйнай мадэлі, якая займаецца прамоцыяй толькі аднаго кандыдата ў прэзыдэнты».

Паводле спадара Анціпенкі, галоўная тэндэнцыя ў асьвятленьні выбараў дзяржаўнымі мэдыямі — прэзэнтаваць выбары як ціхія і бесканфліктныя. Але ў цэлым усё ідзе ў звыклым рэчышчы — прапаганда дзейнасьці цяперашняга кіраўніка краіны і маргіналізацыя ягоных апанэнтаў.

Галоўныя зьмены ў асьвятленьні выбараў незалежнымі СМІ сёлета — адсутнасьць агульнага падыходу і пэўнай парадыгмы ў падачы перадвыбарчай тэматыкі і дзейнасьці кандыдатаў. І агулам — адсутнасьць цікавасьці да апазыцыі:

«Я б не хацеў кідаць камяні ў бок апазыцыі, але гэтым разам апазыцыя, на жаль, прадэманстравала, што яна ў значнай ступені дэмаралізаваная, дэарганізаваная і ня мае ніякага арганізацыйнага цэнтру. Ні арганізацыйнага цэнтру, ні каштоўнаснага. Гэтым яна сталася нецікавай для мэдыяў дзяржаўных і недзяржаўных. За выключэньнем некаторых асобаў, як спадар Статкевіч ці палітвязьні. Агульны публічны выгляд апазыцыі не зьяўляецца сёньня прывабным».

Алесь Анціпенка дадаў, што маніторынг дзяржаўных і незалежных СМІ ў справе асьвятленьня выбараў працягваецца.