Гэтым разам – пра словы, пачуўшы якія, яшчэ тры дзесяцігодзьдзі таму сотні мільёнаў людзей мусілі дэманстраваць ляяльнасьць і захапленьне.
Савецкі Саюз, як усе мусілі ведаць – хоць сярод ночы абудзі – непарушны, вялікі і магутны. І па-расейску, і па-беларуску савет і саюз гучаць амаль аднолькава, калі не лічыць нашага моцнага аканьня. Але ці нашыя гэта словы?
Слова совет у расейскай мове шматзначнае і мае нямала роднасных: советоваться, совещание, советчик (але "антисоветчик" – не ягоны антыпод ;-) ), нават советолюбивый советоискатель.
У беларускай слова савет адасобленае (калі не лічыць яўных русізмаў накшталт саветнік) і абазначае толькі орган, установу. Гэта сьведчыць, што яно не сваё, а прыйшло з расейскае.
Парадзь раду, раду добрую
Дый у самой расейскай мове слова совет хоць даўняе, але не спрадвечнае. Яно ўзятае з мовы царкоўнаславянскай, фактычна старабаўгарскай (дзе ў сваю чаргу гэта была калька з грэцкае мовы). Як і тысячы іншых царкоўнаславянізмаў, якія або выціснулі спрадвечныя расейскія народныя словы, або занялі месца ў "высокім" стылі: благословить, глава, одежда, гражданин, восторг, тщетный, юноша.
Беларуская ж мова ўжо з XV ст. разьвівала лексычную сыстэму не на царкоўнаславянскай, а на ўласнай аснове. Знаўца гісторыі пазычаньняў у беларускай мове праф. Аляксандар Булыка тлумачыць прычыну:
"Звужэнне царкоўнаславянскага лексічнага струменю ў старажытнай беларускай пісьменнасці было выклікана перш за ўсё абмежаваннем сферы ўжывання царкоўнаславянскай мовы ў Беларусі, што наступіла ва ўмовах ізаляцыі беларускіх зямель ад Маскоўскай Русі – тагачаснага цэнтра праваслаўя і папулярызацыі царкоўнаславянскай літаратуры на ўсходняй славяншчыне – і ўзмацнення эканамічных і культурных кантактаў беларусаў з заходнімі краінамі, ахопленымі гуманістычным рухам".
Ёсьць у расейскай цэлыя словаўтваральныя мадэлі царкоўнаславянскага паходжаньня, напрыклад, з прыстаўкай со-, калі яна перадае супольнасьць дзеяньня і пад.: сочинить, сосуд, собеседник, состав, собор, современный, соперник, соискатель, сословие. Да гэтай групы належаць словы совет і союз. Але ў беларускай прыстаўка са- ў такім значэньні амаль не ўжываецца (у нас с-, з-, су-, спа-: склад, збор, сучасны, сузор'е, супар, спаборнік). Таму і з словаўтваральнага гледзішча савет і саюз для нас русізмы.
Затое ў беларускай мове жывуць словы рада, радзіць, раіць, параіць. І ў гаворках яно пашырана ад захаду да ўсходу са Смаленшчынай уключна, і ў старабеларускай мове запісана прынамсі з XIV ст.
Гэтае слова ў нас не адасобленае: Раднік, райца, дарадчы, парада, нарада і нават здрада (праз зрада у значэньні 'змова' або 'шкодная парада'). Зь ім ужываюцца сталыя выразы: даць рады (справіцца): Авой, як жа я ўсяму гэтаму дам рады? Або: Няма рады, давядзецца ехаць. Як ты сабе радзіш? – значыць як спраўляесься. Рáдны чалавек – "порядочный, честный, чинный". Усялякіх радаў поўна ў фальклёры, вось валачобная песьня – велічальны зварот:
Пане гаспадару, парадзь раду, раду добрую, валачобную.
Беларускае, а таксама ўкраінскае, польскае, чэскае, славацкае і сэрбалужыцкае слова рада этымолягі звычайна супастаўляюць зь нямецкім rat і лічаць германізмам. Калі яно і сапраўды германізм, то вельмі даўні, запазычаны тады ж, калі словы мур, дах ці рынак.
Але магчыма, што слова рада ўласнае, спрадвечнае. Расейскі зьбіральнік словаў Уладзімер Даль сьведчыў, што яшчэ ў XIX стагодзьдзі слова радить ведалі і Пскоўшчына, і паўднёварасейскія гаворкі, куды германізмы наўрад ці масава пранікалі. Але прыклад падае відавочна чый: Па шкодзе радзіць (калі ўжо запозна).
Менавіта слова рада замацавалася ў нас для кансультацыйных і прадстаўнічых органаў. У Вялікім княстве кожны ведаў, што бывае Рада каралеўская, судовая, духоўная, сьвецкая, меская (гарадзкая па-цяперашняму, ад слова места, што і значыць 'горад' – напрыклад, рада меская Магілёўская, 1590 год). І ўрэшце Рада Вялікага Княства Літоўскага (якую звалі таксама Панове Рады, або Рада Паноў) — найвышэйшы орган дзяржаўнай улады, назва якога на лацінскую мову перакладалася як senatus. Панове Рады былі гарантамі абароны гонару і годнасьці грамадзянаў ВКЛ:
Артыкул 28
Каму бы шло а чэсьць, яка борзда справядлівасьць учынена быці маець
Тэж абяцуем і будзем павіньні кождаму з падданых нашых, каму бы шло а чэсьць, прудкую і неадвалочную справядлівасьць учыніці на першам блізкапрышлам Сойме вялікам вальнам з паны радамі нашымі Вялікага Княства Літоўскага без усякае адвалокі.
(Статут Літоўскі 1588 г., разьдзел 1)
Як толькі беларусы пачалі адбудоўваць сваю дзяржаўнасьць, слова Рада аднавілася ў назвах дзяржаўных установаў: Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (першы старшыня Іван Серада) і Рада народных міністраў БНР (старшыня Антон Луцкевіч, потым Вацлаў Ластоўскі).
Першыя саветы, другія саветы…
Але натуральны працэс аднаўленьня беларускай дзяржавы і нацыянальна-дзяржаўнай тэрміналёгіі спынілі расейскія бальшавікі, якія замаскавалі іншасказам "саветы" сваю дыктатуру.
Цікава, што камуністычная ўлада, напрыклад, ва Ўкраіне і Літве спрабавала ўвесьці больш звыклую для адпаведных моваў назву. У Літоўскай ССР Савецкі Саюз афіцыйна называўся Tarybų Sąjunga ад слова taryba – рада, нарада, але самі людзі звалі рэжым sovietai. Тое самае ва Ўкраінскай ССР, дзе афіцыйна бытаваў тэрмін рада, радянський. Але ў практыцы, асабліва Заходняй Украіны, як піша ўкраінскі мовазнаўца, слова совєт ужывалася як назва прыхадня – з сынонімамі комуніст, більшовик і нават червона орда ці червоні окупанти. І сёньня ва Ўкраіне слова совєцький або совіцький афарбаванае рэзка нэгатыўна.
У БССР было трохі інакш: ад пачатку бальшавікі тут замацавалі слова саветы. Нацыянал-камуністы і маладыя рамантыкі, якія паверылі камуністам ды ўзяліся будаваць беларускі дом пад бальшавіцкай уладай, у 1923—24 гадох паціху вялі дыскусію, ці не ўкараніць словы рада, радавы для бальшавіцкіх саветаў. Акурат тады афіцыйная газэта "Савецкая Беларусь" друкавала літаратурна-мастацкі часопіс "Радавая рунь", спарадычна зьяўляўся скарот БРСР, то бок «Беларуская Радавая Сацыялiстычная Рэспублiка».
Але Антон Луцкевіч зь Вільні прадбачліва пытаўся:
Цікава толькі, ці Беларуская Сацыялістычная Радавая Рэспубліка акажацца настолькі «важкай» установай, каб да голасу яе прыслухаліся «старэйшыя браты», што запраўды кіруюць усенькім «Саюзам Сацыялістычных Радавых Рэспублік»?
І неўзабаве розным, ня толькі моўным, дыскусіям быў пакладзены канец. Бальшавіцкім саветам няможна было звацца адным імем з Радай БНР.
Яшчэ ў 1928 годзе найбольш аўтарытэтны слоўнік Некрашэвіча і Байкова расейскае слова совет у звычайных значэньнях перакладаў беларускімі рада, парада, дарада, нарада; але ўстановы фармальнай улады мелі звацца Савет (народных камісараў ды інш.). Тым ня менш усе іншыя інстытуцыянальныя "советы" яшчэ заставалісяў беларускай мове радамі: "педагогический совет" – школьная рада, "учёный совет" – навуковая рада. У 30-я гады і яны сталі "саветамі". Перакладныя г.зв. акадэмічныя слоўнікі савецкага часу паўтаралі матрыцу:
совет I (орган государственной власти в СССР) – савет,
совет II (совещание) – нарада,
совет IІI (коллегиальный орган) – савет (у тым ліку "ваенны", "вучоны" і "педагагічны"),
і толькі ў апошнім значэньні дазвалялася рада:
совет IV (указание) – парада, рада.
Так штучна пашыралася сэмантычнае поле для русізму "савет".
Хаця ў жывой народнай мове слова зьяўлялася толькі з прыходам савецкіх камуністаў і абазначала іхную ўладу ды іх самых. Кожны жыхар Заходняй Беларусі ведае – ці з уласнага досьведу, ці з аповедаў старэйшых, што такое "першыя саветы" (1939—1941 год) і "другія саветы" (гэта ўжо з канца вайны).
Мяркую, міжнародная лацінская назва спэцыфічнага гатунку чалавека, выведзенага ў СССР, – homo sovieticus, а таксама пэрыфраза "Салавецкі Саюз" падказваюць нам: словы саветы і савецкі апісваюць толькі і выключна палітычны рэжым СССР і яго атавізмы, накшталт галоўнай газэты "Советская Белоруссия", "Савету Рэспублікі" ці "гарадзкіх саветаў", якія папраўдзе нічога не вырашаюць і нават не "саветуюць". Для ўсяго іншага ў беларускай мове ёсьць слова рада і аднакаранёвыя. Рада бясьпекі ААН.
Дарэчы, спадзевы менскіх уладных палітычных тэхнолягаў вечна гуляць на савецкай настальгіі, выдаючы цяперашнюю Беларусь за адзіны савецкі запаведнік, натыкаюцца на магутную плынь у цяперашнім расейскім імпэрскім дыскурсе:
І да прывязан будзець саюзам жалезным…
Слова "савецкі" неадлучна зьвязанае зь іншым словам – "саюз", і разам яны выклікалі або агіду і жах, або захапленьне. Захапляецца герой Лявона Вольскага палітычна правільны заходнебеларускі пралетар Юзік:
Усім прывітаньне! Завуць мяне Юзік.
Я хачу жыць у Савецкім саюзе
Наколькі слова "саюз" беларускае? Вось жа анінаколькі.
Як і слова "совет", яно ня мае свайго гнязда ў беларускай мове. Гэта ў царкоўнаславянскай слова союз заканамерна ўтваралася з ужо згаданай прыстаўкай со- і коранем -юз, "юзы" значыць 'повязі, вузы'. Расейская мова ўспрыняла слова разам са шматлікімі іншымі царкоўнаславянізмамі.
Слова саюз не ўжываў нават схільны да кансэрвацыі царкоўнаславянізмаў у біблійных тэкстах Скарына. У яго пабачым іншы варыянт – соуз, які, хутчэй за ўсё, ён вымаўляў адпаведна беларускай фанэтыцы [савуз]. Слова мела ў яго значэньні 'сувязь, саюз', 'мэталёвая акоўка' і ўрэшце – вось як – 'аковы':
(Страж сьвяты) … і да прывязан будзець савузам жалезным і мядзяным…
У перакладных слоўніках XVI—XVII ст. слова "союз" разглядалася як чужое, яно вымагала перакладу. Рукапісны слоўнік «Синонїма славеноросскаѧ» дапамагае тагачасным чытачам знайсьці адпаведнік словаў роднае мовы ў царкоўнаславянскай:
Звязокъ – уза, юза, союзъ
Звязокъ малжεнски – брачный съюзъ
І ў слоўніку Памвы Бярынды «Лексіконъ славенорωсскїй и именъ Тлъкованїє» (Кіеў, 1627 і Куцейна пад Воршай, 1653) слова союз як іншаземнае перакладаецца:
союз = зьвязак, зьвязаньне, зьвязка, злучэньне, спаéньне.
Беларускія знаўцы мовы зусім іншай эпохі – ХХ стагодзьдзя – таксама лічылі слова саюз чужым. Вацлаў Ластоўскі перадаваў яго значэньне словам сувязь (што дакладна адпавядае сваім складам паўднёваславянскаму со-юзу). І адпаведна, укараняючы тэорыю ў прыктыку, стварыў «Сувязь незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі» — палітычную арганізацыю, якая існавала ў 1917--18 у Вільні.
Браты М. і Г. Гарэцкія ў "Маскоўска-беларускім слоўніку" (Вільня, 1920) расейскае "союз" перадаюць як хаўрус і зьвязак.
А вось С. Некрашэвіч і М. Байкоў у слоўніку 1928 году (бальшавікі ўжо стварылі "Савецкі саюз") як адпаведнік "союзу" ў розных значэньнях даюць хаўрус (гэбраізм), суполка, але Саюз ССР. Наколькі мне вядома, спробаў называць гэтае ўтварэньне інакш у БССР не было.
У народна-дыялектнай жа мове для перадачы адпаведнага значэньня ўжываліся тыя самыя словы, што і ў старабеларускай, ніякага "саюзу" яна ня ведала. Іван Насовіч запісаў з гаворкак ХІХ стагодзьдзя словы зьвязь і зьвязак – у значэньні "связь, соединение". Нядобрая зьвязь твая зь ім!
Хутчэй за ўсё, згэтуль паходзіць укарэненае Янам Станкевічам слова зьвяз – менавіта як злучэньне, аб'яднаньне. Слова пайшло ў практыку.
У нерусыфікаванай беларускай вайсковай тэрміналёгіі зьвяз – гэта назва падразьдзелу, што ўваходзіць у склад роты ці батарэі. Артылерыйскі зьвяз. Адпавядае расейскаму "взводу". Калі армія іншай дзяржавы ваюе на нашым баку, то яны нам супольнікі або і – з лацінскай – альянты (ёсьць жа слова альянс).
У беларускіх скаўтаў зьвязам завецца аб'яднаньне дружынаў.
Сьв. п. Юрась Бушлякоў на хвалях Радыё Свабода зьвяртаўся да дылемы саюз – зьвяз і асьцярожна канстатаваў, што слова зьвяз пашырае сваю сэнсавую прастору. Тое было 12 гадоў таму. Сёньня можна сказаць, што Юрась не памыліўся ў прагнозах. Тэрміналягічнае спалучэньне Эўрапейскі Зьвяз пасьпяхова канкуруе зь "Еўрапейскім Саюзам". Нават пераклад аднае з кніг папулярнай сэрыі Джона Толкіена называецца –
Думаю, калі слова пайшло ў масавую культуру, яго ўжо выкараніць няма як.
Натуральна гучыць па-беларуску прафэсійны зьвяз, зьвяз плямёнаў ці Траісты зьвяз (з гісторыі).
Магчыма, і нашыя пісьменьнікі ды іншыя творцы (калі ўжо ня будзе праблемаў зь перарэгістрацыяй назваў) некалі адмовяцца ад успадкаванага з савецкіх часоў слова "Саюз" у назвах сваіх згуртаваньняў. Нагадаю, што "Союз советских писателей" у маштабе ўсяе бальшавіцкае імпэрыі дзеля поўнага кантролю над літаратарамі загадаў стварыць Сталін: у 1932 годзе наконт гэтага была прынятая пастанова ЦК ВКП(б) "Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый", мясцовыя ЦК ў "саюзных рэспубліках" яе прадублявалі і стварылі філіі ССП СССР – мясцовыя "саюзы", у нашым выпадку "Саюз савецкіх пісьменьнікаў БССР" (як бачым, у назьве ёсьць абодва культавыя словы).
Калі савецкая імпэрыя валілася, на зьезьдзе беларускай пісьменьніцкай арганізацыі ў 1990 годзе ішла гарачая дыскусія пра лёс слова "Саюз" у назьве згуртаваньня. Маладзейшыя патрабавалі яго памяняць, давалі варыянты і суполка, і хаўрус, а ўрэшце Сяржук Сокалаў-Воюш усім стомленым ад палемічнага запалу прапанаваў назвацца пісьменьніцкі мярлог ☺ . Але, здаецца, варыянту зьвяз тады не гучала, слова яшчэ не вярнулася з вымушанай эміграцыі. Зрэшты, ёсьць яшчэ злучнасьць, задзіночаньне, згуртаваньне, таварыства – беларуская мова багатая. Дык мо "як толькі, дык адразу"?..
У канцы песеннага абразка люмпэн, а па-цяперашняму ватнік Юзік не пакідае сумневаў у тым, як ён разумее словы "Савецкі саюз" і што яны нясуць:
Чакаю з надзеяй
На рускія танкі!
Так, "Савецкі саюз" – гэта лагодны сынонім Расейскай імпэрыі, асноўны інструмэнт для пашырэньня якой – зброя. Таму пакіньма два словы – "савецкі" і "саюз" – для гістарычнага абазначэньня імпэрыі зла і, магчыма, яе вытворных: "Эўразійскі саюз". А ў іншых значэньнях лепш хай будуць нашыя ўласныя рада, радныя і зьвяз.