«Абедзьве ў поўнай меры аб’ектыўныя», — сказала пра прамежкавыя справаздачы назіральных місіяў Садружнасьці незалежных дзяржаваў і Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына:
«У кожнай з гэтых дзьвюх арганізацыяў свой погляд на сьвет і на падзеі ў ім. Але прынамсі яны пералічваюць усе тыя падзеі, якія адбыліся ў межах выбарчай кампаніі, не даючы пры гэтым катэгарычных ацэнак.
Адзінае, бадай, што мяне не задавальняе ў справаздачы БДІПЧ АБСЭ, гэта тое, што там часта ўжываюць такі спосаб выкладаньня матэрыялу, як расплывістыя сказы, кшталту „нашы суразмоўцы гавораць“, „нам паведамляюць“ і г.д. Я ўсё-ткі лічу, што місіі ня маюць права згадваць ананімныя крыніцы. А калі ўжо ўжываюць, то было б добра пабачыць і іхнюю ацэнку — а на іх погляд, што тады насамрэч? Інакш падобныя сказы выглядаюць суб’ектыўна».
Лідзія Ярмошына кажа, што цяперашняя прамежкавая справаздача падобная да такога ж дакумэнту падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2010 году:
«Папярэднія справаздачы заўжды выглядаюць як нейкія трансформэры, якія пасьля можна прыстасаваць пад канчатковую справаздачу. Яны не даюць спадзяваньня, бо пасьля могуць тлумачыцца дваіста».
У дакумэнце БДІПЧ адзначаецца, што ў 2012 годзе ў выбарчае заканадаўства Беларусі былі ўнесеныя некаторыя зьмены, якія закранулі ў асноўным СМІ і фінансаваньне кампаніі. Аднак тады не была ўлічаная ніводная з ключавых рэкамэндацыяў БДІПЧ АБСЭ, зробленых па выніках назіраньня за папярэднімі прэзыдэнцкімі і парлямэнцкімі выбарчымі кампаніямі. У прыватнасьці, сярод недахопаў заканадаўства ў справаздачы называюцца недакладныя правілы фармаваньня выбарчых камісіяў і працэсу праверкі подпісаў, адсутнасьць захадаў па забесьпячэньні бясьпекі пры падліку галасоў, у тым ліку адсутнасьць патрабаваньня аб публікацыі вынікаў галасаваньня ўчастковымі выбарчымі камісіямі.
«Ці зьбіраецца Цэнтравыбаркам прыслухацца да парадаў экспэртаў БДІПЧ? — спытаў я Лідзію Ярмошыну. Нават сакратар ЦВК Мікалай Лазавік падчас сёлетняй выбарчай кампаніі публічна заявіў, што трэба спрасьціць правілы збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў на прэзыдэнта».
«Выправіць нешта, калі б мы і захацелі, цяпер немагчыма», — канстатуе старшыня ЦВК:
«Гэта ж зьмяненьне заканадаўства. А для гэтага ёсьць пэўныя працэдуры, абмінуць якія нельга. Пра што тут гаварыць? Канечне, не.
Наступныя выбары (парлямэнцкія) у нас пачнуцца праз паўгода пасьля гэтых. У прынцыпе, часу таксама няма на гэта. Таму што ніхто, акрамя Цэнтравыбаркаму, падрыхтаваць і зрабіць гэта ня можа. А ЦВК трэба будзе завяршыць адну выбарчую кампанію і пачаць падрыхтоўку да другой. Парлямэнцкія выбары пачнуцца ўжо на пачатку чэрвеня 2016 году. Тут дзьве кампаніі вельмі злучаныя адна з адной».
«Калі няма жаданьня, то на зьмяненьні ў Выбарчым кодэксе можна затраціць і гады тры. А калі жаданьне ёсьць, то на ўсе працэдуры спатрэбіцца ня болей за два месяцы», — упэўнены спэцыяліст у галіне выбарчага заканадаўства Сяргей Альфер:
«У нас ёсьць два мэханізмы ўнясеньня зьменаў у заканадаўства. Першы — стандартны, калі законапраект уключаецца ў спэцыяльны плян. Тады кампэтэнтны орган (у нашым выпадку — ЦВК) яго рыхтуе, і дакумэнт праходзіць мноства ўзгадненьняў у розных структурах. Пасьля гэтага орган, ад імя якога ўносіцца законапраект у парлямэнт (у Беларусі гэта — урад альбо прэзыдэнт), дае свой дазвол. І парлямэнт разглядае дакумэнт. І тады насамрэч гэтая ўся працэдура можа зацягнуцца на два-тры месяцы, на шэсьць, на год і нават на два-тры гады. Чым больш жаданьня прэзыдэнта ці ўраду, тым меншы тэрмін прыняцьця дакумэнту.
А ёсьць і другі варыянт. Гэта тэрміновае ўнясеньне законапраекту прэзыдэнтам у парлямэнт. І тады парлямэнт цягам дзесяці дзён разглядае дакумэнт у двух чытаньнях. Таму, калі ёсьць сапраўднае жаданьне зьмяніць заканадаўства, то, з улікам падрыхтоўкі дакумэнтаў, гэта можна зрабіць цягам аднаго-двух месяцаў».
Уладзімер Навасяд, які мае досьвед працы ў Палаце прадстаўнікоў, распавядае:
«Гэта ўсё можна зрабіць цягам аднаго пленарнага пасяджэньня. Бо ў рэглямэнце працы Палаты нідзе не прапісана, колькі павінна цягнуцца абмеркаваньне законапраекту. А калі яшчэ ў заключэньні Міністэрства фінансаў будзе запісана, што зьмяненьні не запатрабуюць дадатковага фінансаваньня зь бюджэту, то гэта наагул робіцца вельмі хутка. Было б жаданьне. І калі будзе віза Мінфіну, то дэпутатам хопіць аднаго дня, каб унесьці зьмены ў Выбарчы кодэкс».