У прыдарожнай кавярні на трасе Горадня-Менск па-беларуску замаўляю каву. Змрочны твар прадавачкі сьвятлее, яна пачынае радасна шчабятаць па-польску зь беларускім акцэнтам: «З млекам, цукрам, пане? Прошэ. Дзенькуе».
Я націскаю на беларускія словы, яна на польскія. Сытуацыя мяне ня дзівіць: чым далей ад Менску, тым часьцей на гэтай шашы здараецца. Заплаціў, падумаўшы: напэўна, як з паляка ўзяла болей.
Наступны кліент замаўляе тую самую каву па-расейску. Твар прадавачкі вяртаецца да першапачатковага выгляду, яна холадна па-расейску зь беларускім акцэнтам пытаецца: «З сахарам? Малаком?» Падае кубак без «спасиба» і «пожалуйста».
Чую, што кава для расейскамоўнага пакупніка падаражэла на тысячу. Гэтаму і радуюся.
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org