Гайдукевіч: Выбары-2015 крута адрозьніваюцца ад папярэдніх

Сяргей Гайдукевіч (у цэнтры), пікет у Менску

Кандыдат у прэзыдэнты, лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч выказаў згоду з ацэнкамі выбарчай кампаніі, якія зьмяшчаюцца ў прамежкавай справаздачы назіральнай місіі Бюро па дэмакратычных стандартах і правах чалавека АБСЭ аб беларускіх выбарах.

«У мяне няма прэтэнзіяў да высноваў АБСЭ. Я згодны. Згодны, што не хапае свабоды слова ўсім кандыдатам у роўнай ступені і што ў мэдыйным полі дамінуюць дзяржаўныя СМІ», — сказаў Сяргей Гайдукевіч Свабодзе.

У дакумэнце сярод іншага адзначаецца, што дзяржаўныя СМІ «дамінуюць у мэдыяпрасторы» Беларусі, і што парадак правядзеньня пікетаў і мітынгаў «супярэчыць міжнародным прынцыпам аб праве на свабоду сходаў».

Разам з тым лідэр лібэральных дэмакратаў адзначыў, што выбары-2015 «крута адозьніваюцца» ад папярэдніх электаральных кампаній у Беларусі: напрыклад, як адзначыў Сяргей Гайдукевіч, на ўсіх яго пікетах прысутнічае тэлебачаньне:

«Калі гаварыць рэальна, то ў гэты раз выбары крута адрозьніваюцца ад тых, якія былі ў нас раней. Тэлебачаньне прысутнічае на ўсіх нашых пікетах. Гэта нельга не адзначыць. У гэтым кірунку ёсьць зрухі. Таму нельга сказаць, што гэтыя выбары нічым не адрозьніваюцца ад ранейшых. Вядома, адрозьніваюцца, ёсьць шмат станоўчых момантаў. Але тыя высновы, якія зрабіла АБСЭ, правільныя».

Сяргей Гайдукевіч лічыць, што ўлады ня будуць прыслухоўвацца да заўвагаў АБСЭ і нешта кардынальна мяняць у прынцыпах правядзеньня выбарчай кампаніі. Добра, калі ўсё застанецца так, як ёсьць цяпер, сказаў палітык:

«Цяжка сказаць, што можна выправіць. Я б хацеў, каб усё засталося хаця б так, як ёсьць цяпер. Наўрад ці нехта будзе нешта зьмяняць. Дай Бог, каб усё засталося так, як цяпер. Калі так будзе працягвацца, як сёньня, што кожны пікет асьвятляецца, дзе хочаш, там і стаіш, куды хочаш, туды і прыходзіш зь пікетам. Мы ў Менску ўжо аб’езьдзілі ўсе кропкі — і каля „Лідо“ стаялі, і каля ГУМа стаялі, і на Камароўцы стаялі, і каля супэрмаркетаў стаялі. Ніхто не выказваў ніякіх прэтэнзіяў. Калі так застанецца, то гэта будзе вялікім крокам наперад».