Палата прадстаўнікоў Кангрэса Злучаных Штатаў ухваліла рэзалюцыю з асуджэньнем незаконнага ўтрыманьня пад вартай ўкраінскага афіцэра Надзеі Саўчанкі і заклікам да яе неадкладнага вызваленьня.
Адзін з ініцыятараў рэзалюцыі кангрэсмэн-дэмакрат Сэндзі Левін заявіў, што Надзея Саўчанка «ўяўляе дух незалежнай Украіны». Кангрэсмэн са штату Мічыган, дзе пражывае нямала амэрыканцаў украінскага паходжаньня, падкрэсьліў, што ён і яго выбаршчыкі занепакоеныя станам здароўя Саўчанкі, тым, як яна сябе адчувае ў выніку працяглага зьняволеньня.
«Нягледзячы на тое, што Расея гэта адмаўляе, няма сумневаў у тым, што Саўчанка зьяўляецца палітычным вязьнем, яна выкарыстоўваецца як прадмет гандлю ў наступе Расеі на Ўкраіну, які зацягнуўся », — гаворыцца ў заяве амэрыканскага кангрэсмэна.
У Растоўскай вобласьці Расеі ў аўторак пачаліся судовыя слуханьні па справе Надзеі Саўчанкі, якая абвінавачваецца ў датычнасьці да забойства двух расейскіх журналістаў і іншых злачынствах. Яна сама і яе абарона настойваюць на абсурднасьці абвінавачваньняў. Заява Саўчанкі ў расейскім судзе: