Лукашэнка: Гэта наагул катастрофа, самыя мэдальныя віды спорту — мы там проста целяпаемся

Аляксандар Лукашэнка і Дар’я Домрачава, архіўнае фота

Наведваючы 22 верасьня Нацыянальны алімпійскі камітэт, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што чакае ад спартоўцаў на Алімпіядзе-2016 у Рыё-дэ-Жанэйра хоць бы такой колькасьці мэдалёў, якая была на папярэдніх буйных стартах. На ўзроўні, адэкватным укладзеным сілам і сродкам.

«Ня так, як на апошніх чэмпіянатах сьвету па веславаньні акадэмічным, лёгкай атлетыцы ці плаваньні. Гэта наагул катастрофа, самыя мэдальныя віды спорту — мы там проста целяпаемся», — цытуе прэзыдэнцкая прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Лукашэнка падкрэсьліў, што Алімпійскія гульні ў Рыё-дэ-Жанейра будуць надзвычай сур’ёзным іспытам для кожнага атлета і трэнэра, для ўсёй спартыўнай галіны:

«Цяпер у нас у гэтай сфэры робіцца фактычна ўсё, што патрабуецца. Нам вельмі няпроста даецца кожны рубель, які мы туды накіроўваем. Таму беларускі народ мае права разьлічваць на належную аддачу».

Паводле Лукашэнкі, беларускі спорт робіць істотны ўклад у прасоўваньне нацыянальных інтарэсаў у зьнешняй палітыцы.

«Сёньня кажуць: спорт па-за палітыкай. Спорт — гэта самая вялікая палітыка», — сказаў Лукашэнка.

Ён заклікаў «вялікіх спартоўцаў» адэкватна ўспрымаць крытыку з боку грамадзтва:

«На любога спартоўца заўсёды аказваўся ціск. Вы — вялікія, вы выступаеце сярод роўных. Калі вы, дасягнуўшы такой вышыні, трапляеце пад крытыку ў СМІ, ну што ж, цярпіце і пераадольвайце гэты ціск. На вас ціснуць не таму, што вы дрэнныя, а таму, што вашы перамогі — гэта больш чым палітыка».

Паводле Лукашэнкі, ва ўсім сьвеце Беларусь асацыюецца з Дар’яй Домрачавай. Спартоўцы такога ўзроўню, заявіў ён, моцна «ўмантаваныя ў палітыку», «з гэтага пачынаецца ўвесь дыялёг на самым высокім узроўні».