Саладуха аддасьць голас Лукашэнку, Марачкін — за байкот, Паліна Рэспубліка яшчэ ня вызначылася

Belarus - banner famous belarusians, courtesy

Свабода высьветліла, ці пойдуць 11 кастрычніка на выбарчыя ўчасткі вядомыя дзеячы беларускай культуры і мастацтва і за каго будуць галасаваць.

Булгакаў у роздуме

Рэдактар часопіса ARCHE Валер Булгакаў заявіў Свабодзе, што яшчэ пэўна ня ведае, ці пойдзе ён на прэзыдэнцкія выбары 11 кастрычніка:

«Напэўна, гэта будзе імпульсіўнае рашэньне ў апошні дзень. Калі я буду паводзіць сябе рацыянальна, то я дакладна не пайду. А калі я буду пад наплывам нейкіх эмоцыяў, то, магчыма, я ўсё ж такі наведаю выбарчы ўчастак і прагаласую за Тацяну Караткевіч. У гэтым выпадку я буду галасаваць як абывацель, якому проста сымпатычная Тацяна Караткевіч як жанчына, як грамадзянская актывістка, але не як удзельніца нацыянальнага руху, для якога важная каштоўнасьць — дэмакратыя і свабода ў Беларусі. Бо ў мяне няма адчуваньня, што галасаваньне за Тацяну Караткевіч набліжае нас да гэтых мэтаў».

Марачкін — за «ігнор»

Мастак Аляксей Марачкін заявіў Свабодзе, што ён прыхільнік ігнараваньня выбараў:

«Я ігнарую гэтыя выбары з прычыны таго, што ўжо больш за 20 гадоў на выбары ідзе адзін і той жа кандыдат, і ён будзе да бясконца ісьці. І ўсе гэтыя кандыдаты, гэтыя тры чалавекі — ясна, што яны нейкі працэнт мізэрны возьмуць, але ніхто зь іх ня пройдзе. Таму я цалкам ігнарую гэтыя выбары. Выбараў фактычна няма».

Саладуха за Лукашэнку

Аляксандар Саладуха, фота Сяргея Серабро

Сьпявак Аляксандар Саладуха заявіў Радыё Свабода, што будзе галасаваць за Аляксандра Лукашэнку:

«Безумоўна, я пайду на выбары і буду галасаваць за прэзыдэнта нашага. Чаму? Таму што ён годны», — патлумачыў ён.

Саладуха дадаў, што «абсалютна ня бачыць» сярод іншых кандыдатаў чалавека, які б мог стаць прэзыдэнтам.

Паліна яшчэ думае

Паліна Рэспубліка

Сьпявачка Паліна Рэспубліка (Паліна Паланейчык) сказала, што яшчэ ня вызначылася, ці будзе галасаваць 11 кастрычніка:

«Я, напэўна, яшчэ ня вырашыла для сябе гэтае пытаньне. Як заўжды, у нас няма нейкіх такіх кандыдатаў, за якіх бы хацелася пайсьці і прагаласаваць. А зь іншага боку, ня хочацца заставацца зусім так убаку — усё ж такі нешта трэба рабіць. Але я пакуль ня ведаю, пайду я ці не».

Барысік будзе працаваць

Тацяна Барысік

Пісьменьніца Тацяна Барысік сказала ў інтэрвію Свабодзе, што, хутчэй за ўсё, на выбары ня пойдзе.

«Я яшчэ ня вызначылася канчаткова са сваім рашэньнем, але, хутчэй за ўсё, не пайду. Па-першае, я ў гэты дзень працую. А па-другое, я думаю, што няма сэнсу біць ногі, калі ўсё загадзя вырашана».