Ці абмяняюць Надзею Саўчанку ды іншых украінскіх вязьняў з расейскіх турмаў?

Гарадзкі суд у Данецку ў Растоўскай вобласьці Расеі 22 верасьня пачаў разгляд крымінальнай справы ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі.

Адвакаты Саўчанкі перакананыя, што прысуд будзе абвінаваўчы, аднак яны зьбіраюцца зрабіць усё, каб даказаць невінаватасьць сваёй падабароннай. На іх думку, любы прысуд дазволіць наблізіць пэрспэктыву абмену Надзеі Саўчанкі на грамадзян Расеі, якія знаходзяцца ва ўкраінскіх турмах.

Размовы аб абмене вязьнямі паміж Расеяй і Украінай ідуць ужо ня першы месяц. Вызваленьне Саўчанкі лічылі пытаньнем ледзь ня вырашаным пасьля менскіх пагадненьняў у лютым 2015. Аднак па сёньняшні дзень усё абмяжоўваецца гутаркамі. У сярэдзіне верасьня прадстаўнік Цэнтру садзейнічаньня вызваленьню палонных пры СБУ Ўладзімір Рубан паведаміў, што ў Менску прапанавалі абмяняць асуджаных у Расеі Алега Сянцова і Аляксандра Кольчанку на расейцаў Аляксандра Аляксандрава і Яўгена Ерафеева. Прапанова нібыта паступіла на сустрэчы, якая праходзіла па-за рамкамі менскіх перамоваў. Аднак прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, адказваючы на пытанне журналіста The Independent, выключыў абмен расейскіх вайскоўцаў на Сянцова і Саўчанку.

Уладзімір Рубан

Уладзімір Рубан: У працы перамоўнікаў існуе такі адрэзак часу, калі бакам трэба падказваць і даваць наўпроставую формулу абмену. Была заява ўкраінскага МЗС аб тым, што калі такая прапанова паступіць, яно будзе разглядацца. Была заява з боку Міністэрства юстыцыі Расеі — пра тое, што пасьля вынясеньня прысуду існуе юрыдычны мэханізм па адбыцьці пакараньня на радзіме асуджанага. Пасьля такіх дыпляматычных намёкаў мне паступіла прапанова ад расейскага боку — я не назаву вам крыніцы, але гэта рэальная прапанова, а не дыпляматычныя рэвэрансы. І прапанова была — адзін на адзін, Сянцова на Ерафеева. Была прапанавана больш разумная формула — два на два. Пасьля кансультацый я распавёў аб гэтай формуле ў Кіеве, прадстаўнікам Службы бясьпекі. Я не атрымаў адказу. Звычайна ў перамоўнікаў так не прынята, і мне давялося зрабіць такую ж заяву, але публічна. Я не магу з пэўнасьцю сказаць, што мая прапанова была перададзеная адразу, тыдзень таму. Затое цяпер мы атрымалі нечаканы адказ ад прэзыдэнта Ўкраіны.

РС: Прэзыдэнт Парашэнка назваў абмен нераўназначным. На вашу думку, пытаньне раўназначнасьці тут прынцыповае?

Нават нераўназначныя абмен адкрываў б дарогу для наступных вызваленьняў.

Уладзімір Рубан: Я выдатна разумею прэзыдэнта Ўкраіны. Яму давядзецца вырашаць балючае і складанае пытаньне. Абмен па формуле «два на два» нераўназначны — у гэтым я зь ім цалкам згодны. Аднак я ня згодны з катэгарычным адмаўленьнем магчымасьці такога абмену. Нават нераўназначныя абмен адкрываў б дарогу для наступных вызваленьняў. Быў бы створаны прэцэдэнт, па якім мы маглі б забіраць іншых арыштаваных, у тым ліку і Саўчанку, і Клыха — усіх тых, каго ў нас лічаць палітычнымі вязьнямі. Я супраць таго, каб зь меркаваньняў палітычнай мэтазгоднасьці Сянцоў пісаў свой найлепшы сцэнар у турме, а Саўчанка стварыла б у няволі яшчэ адну кнігу. Лепш бы яны нічога не пісалі, але былі б на свабодзе.

Я думаю, што ў канчатковым выніку гэты момант будзе вырашальным для прэзыдэнта пры прыняцьці канчатковага рашэньня. Кожны чалавек, вайсковец ён ці не, кожны грамадзянін павінен ведаць, што яго дзяржава, калі трэба, пойдзе на любыя рызыкі, каб выратаваць гэтага грамадзяніна і вярнуць яго на радзіму. Часам гэта адзіная надзея ў падвалах і турмах — што за цябе змагаецца тваё дзяржава і твой прэзыдэнт, яшчэ нейкія валянтэры і актывісты. Гэта, на самай справе, аснова філязофіі разуменьня дзяржавы.

РС: І Саўчанка, і Сянцоў, і іншыя ўкраінскія грамадзяне правялі ў расейскіх турмах больш за год. І пытаньне аб іх абмене ўздымалася неаднаразова. Так званы «абменны фонд» расьце, а абмен не адбываецца. Хто павінен прыняць гэтыя рашэньні, каб усе здарылася?

Уладзімір Рубан: Палітыкам абсалютна напляваць на асобнага чалавека, для іх ён важны як аб’ект, каб яго можна было выкарыстоўваць як інструмэнт, як вязьня сумленьня. Прыдумана шмат усялякіх такіх імёнаў, прыдумалі розныя прэміі, каб падтрымліваць такія праекты. Пры гэтым ніякіх рэальных рычагоў дзяржавы не прымяняюць (акрамя, мабыць, дзяржавы Ізраіль). Вельмі выгадна мець Нэльсана Мандэлу 27 гадоў у турме як вобраз барацьбы за свабоду. Значна складаней, як дзяржава Ізраіль, аддаць тысячу зьняволеных за аднаго капрала. Уявіце, як кожны ізраільскі салдат паважае сваю дзяржаву. І як нашы салдаты глядзяць, калі два прэзыдэнты — Пуцін і Парашэнка — ці то гандлююць, ці то ня могуць дайсьці да згоды, ці то ня хочуць. Мы ж разумеем, што рашэньні прымаюць канкрэтныя людзі, і гэтым людзям я б параіў за ранішняй кавай уявіць, што гэта іх дзіця сядзіць дзесьці ў падвале, у турме, у палоне, каб з кожным глытком кавы яны адчувалі горыч.

РС: Калі казаць пра раўназначнасьць абмену, ці маецца на ўвазе толькі колькасьць, якая абменьваецца, ці ёсьць іншыя палітычныя, эканамічныя абставіны?

Уладзімір Рубан: Не, Парашэнка выказаўся па двух прапановах (Сянцоў і Кольчанка — РС.) даволі жорстка і цынічна. І мы ня можам з вамі абмяркоўваць, дадумваць, што меў на ўвазе прэзыдэнт. Любы прэзыдэнт баіцца грамадзкай думкі і грамадзкага асуджэньня. Ва Ўкраіне ёсьць магчымасьць такога ціску.

Каго лічыць ваеннапалонным?

Адмову абмяняць Алега Сянцова на Аляксандра Аляксандрава Парашэнка матываваў так: «Ёсьць розьніца паміж расейскімі вайскоўцамі і незаконна асуджанымі ўкраінцамі». Між тым Мінабароны Расеі працягвае настойваць на тым, што Аляксандр Аляксандраў і Яўген Ерафееў звольніліся з шэрагаў узброеных сіл задоўга да свайго затрыманьня на тэрыторыі Ўкраіны, што Расея не вядзе ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне. Менавіта таму расейскія вайскоўцы ня маюць статусу ваеннапалонных, такім чынам, разьлічваць на абмен у гэтым статусе ня могуць. Сябра Савету па правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі Сяргей Крывенка лічыць, што статус у дадзеным выпадку не прынцыповы, і пытаньне абмену — гэта палітычнае рашэньне.

Сяргей Крывенка

Сяргей Крывенка: У нас няма ваенных дзеяньняў, няма паняцьця палонных, няма ваеннапалонных, каб імі абменьвацца. Гэта нейкія сакрэтныя дамоўленасьці паміж адпаведнымі спэцслужбамі, наколькі я разумею. А раз гэта так, то гэта палітычнае рашэньне, вынік гандлю. Раз няма працэдуры, гэта ўсё нейкая стыхія.

Журналіст і праваабаронца Зоя Сьветава, як сябра маскоўскай грамадзкай назіральнай камісіі, ня толькі наведвала ўкраінскіх грамадзян у СІЗА, але і шмат пра іх пісала. Гісторыі Станіслава Клыха і Мікалая Карпюка, якіх будуць судзіць у Чачні ў кастрычніку, а таксама Юрыя Салашэнкі і Валянціна Выгіўскага сталі вядомыя расейцам дзякуючы і артыкулам Сьветлавой. Праваабаронца лічыць, што абмен палітычнымі вязьнямі паміж Расеяй і Ўкраінай можа быць уключаны ў нейкія «пакетныя» пагадненьні.

Зоя Сьветава

Зоя Сьветава: Вядома, такія людзі як Алег Сянцоў, Надзея Саўчанка — гэта ўкраінскія грамадзяне, пра якіх цяпер гаворыць увесь сьвет! Ужо Эўрапейскі парлямэнт прымае рэзалюцыю аб тым, каб увесьці санкцыйныя сьпісы — сьпіс Саўчанкі, сьпіс Сянцова, куды павінны ўвайсьці судзьдзі, пракуроры, сьледчыя, якія іх перасьледавалі. І таму, вядома, расейскія ўлады, я думаю, вельмі баяцца пралічыцца тут і памяняць Сянцова на нейкага капітана або дробнага расейскага вайскоўца. Калі ўжо мяняць Сянцова, то на кагосьці вельмі важнага для Расеі. Як і Саўчанку. Ці, можа быць, абмен будзе нават не «людзей на людзей», а гаворка пойдзе аб важных для Расіі праектах, якія зьвязаныя з Захадам, з Украінай, з міжнароднай палітыкай. Я думаю, што і Саўчанка, і Сянцоў ужо ўключаны ў падобныя «пакетныя» дамоўленасьці, якія звычайна адбываюцца на дыпляматычным узроўні, на палітычным узроўні, падчас перамоваў лідэраў буйных дзяржаў.

Абарона Надзеі Саўчанкі лічыць, што калі будзе прынята палітычнае рашэньне аб абмене, то прысуду чакаць зусім не абавязкова. Пра гэта Радыё Свабода сказаў адзін з адвакатаў ўкраінскай лётчыцы Нікалай Полазаў.

Адвакаты Надзеі Саўчанкі Ілья Новікаў, Марк Фейгін і Нікалай Полазаў (зьлева направа)

Нікалай Полазаў: Я б ня ставіў абмен Надзеі Саўчанкі ў залежнасьць ад прысуду, таму што яна павінна быць абменена незалежна ад прысуду. Яе ў прынцыпе павінны проста ўзяць і адпусьціць, папрасіць прабачэньня і выплаціць кампэнсацыю. Але, на мой погляд, гэта фантастычны сцэнар пры цяперашняй сыстэме правасудзьдзя ў Расеі. Ва ўсіх іншых выпадках, хутчэй за ўсё, абмен будзе праводзіцца на палітычным узроўні. І судовае рашэньне будзе ў дадзеным выпадку антуражам. Зь юрыдычнага пункту гледжаньня ёсьць працэсуальныя падставы для таго, каб адправіць Надзею Саўчанку адбываць пакараньне на радзіму ў выпадку абвінаваўчага прысуду. Гэта прадугледжана міжнароднымі прававымі пагадненьнямі Расейскай Фэдэрацыі, Крымінальна-працэсуальным кодэксам. Я думаю, што такі сцэнар можа быць рэалізаваны, тым больш што з боку Кіева аналягічныя дзеяньні могуць быць зробленыя ў дачыненьні да расейскіх вайскоўцаў Аляксандрава і Ерафеева, над якімі таксама ў хуткім часе ва Ўкраіне адбудзецца суд. Таму я не выключаю, што можа быць такі рух з абодвух бакоў для абмену пры дапамозе юрыдычных працэдур. Ва ўсіх астатніх выпадках, як толькі будзе прынята палітычнае рашэньне кіраўніцтвам Расеі, прэзыдэнтам Пуцінам, абмен можа адбыцца ў адзін дзень, прычым, ён можа адбыцца чыста тэарэтычна нават падчас суду, да вынясеньня прысуду. Таму наўпроставай залежнасьці паміж вынясеньнем прысуду і абменам няма.

На думку адвакатаў Надзеі Саўчанкі, прысуд іх падабароннай можа быць абвешчаны ў кастрычніку.