Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька зноў раскрытыкаваў паводзіны беларускіх фанатаў на адборачным матчы чэмпіянату Эўропы паміж Украінай і Беларусьсю. Яго падтырмаў Вадзім Гігін.
У артыкуле «Такі футбол нам не патрэбны» ў «Советской Белоруссии» Генадзь Давыдзька пааедаміў, што да яго дайшоў ліст аднаго з удзельнікаў «несанкцыянаванага антырасейскага мітынгу падчас матчу ў Львове».
Паводле Давыдзькі, аўтар ліста пакрыўдзіўся на яго.
«За тое, што, прызнаюся, я ў сэрцах і згарача назваў „нацыстамі“ тых маладых людзей, якія гарлапанілі, блукаючы натоўпам па Львове, хорам выкрыквалі антырускія лёзунгі, якія абражаюць прэзыдэнта Пуціна і рускіх людзей».
«Тых пакрыўджаных юнакоў, якія публічна абражалі на львоўскіх вуліцах У. Пуціна, Расею, а значыць, сваімі паводзінамі — і Беларусь, іх я назваць іншым словам не магу. Ды і якія яны, наагул кажучы, „заўзятары“, што зьвязвае іх з футболам? Адно толькі — пад маскай „фанатаў“ ім трэба зьбіцца ў натоўп, пакуражыцца, даць волю інстынктам. Тым больш, не зразумелым для іх „палітычным“, калі яны робяць невядома што», адзначае Давыдзька.
Паводле старшыні Белтэлерадыёкампаніі, «спорт і перамога нашых спартоўцаў цікавілі гэтую добра арганізаваную кампанію гэтаксама, як ваўка цікавіць настрой казьляня».
Галоўны рэдактар «Беларускай думкі», вядучы АНТ і блогер БЕЛТА Вадзім Гігін падтрымаў выказваньні Давыдзькі на адрас заўзятараў.
«Малайчына, Генадзь Браніслававіч! Паглядзіце яго выдатны артыкул у „СБ“ — „Такі футбол нам не патрэбны“. Аўтар выказаў думкі многіх людзей у Беларусі. І гэта мужны ўчынак — назваць рэчы сваімі імёнамі. Аплядую і падтрымліваю! Нездарма Генадзь Браніслававіч уганараваны прэміяй Беларускага саюза журналістаў за грамадзянскую пазыцыю».
Раней ў інтэрвію Эўрарадыё Давыдзька сказаў, што будзе прасіць прабачэньня ў заўзятараў, якіх «згарача» назваў нацыстамі.
У праграме «Клюб рэдактараў» Давыдзька сказаў, што яго абурылі «антырасейскія крычалкі», якія гучалі падчас матчу, і тое, што беларускія заўзятары ахвотна іх падтрымлівалі.
«Чаму нашу краіну на трыбунах у суседняй краіне прадстаўляюць юныя нацысты?» — абураўся кіраўнік БТ.
Раней адзін з заўзятараў зборнай Беларусі па футболе апублікаваў адкрыты ліст кіраўніку БТ з нагоды гэтага яго выказваньня. Андрэй Валькоўскі патрабаваў, каб Генадзь Давыдзька прадставіў доказы свайму абвінавачваньню:
«Цяжка сабе ўявіць і тое, што Вы маглі б назваць нацысцкім сфармуляваны Янкам Купалам лёзунг «Жыве Беларусь», — піша ён і дадае таксама, што «лёзунг „Слава Ўкраіне“ сягае вытокаў украінскай незалежнасьці ў новай гісторыі і зьвязваць яго з нацызмам могуць толькі прапагандысты тэндэнцыйных тэлеперадач. Яшчэ менш хочацца верыць у тое, што Вы ўсур’ёз можаце лічыць песьні беларускага гурту „Ляпіс Трубецкой“, „Тры чарапахi“ NRM, народную „Купалінку“ ці тыповыя беларускія фанацкія крычалкі ў падтрымку зборнай нацысцкай творчасьцю. Гэта было б ужо ўвогуле па-за межамі... Быў яшчэ банэр з простым, але адназначным салідарным зьместам „Трымайцеся, браты“.
Хацелася б адзначыць, паважаны спадар Давыдзька, што беларускія аматары футболу выказалі сваю салідарнасьць украінскаму народу ў рэчышчы агульнага стаўленьня Беларусі да няпростай сытуацыі ва Ўкраіне», — пісаў Валькоўскі.