АГП і «Справядлівы сьвет» не падтрымліваюць нікога, але рукі сябрам партыі не выкручваюць

Пляцоўка каля менскага рынку Камароўка паступова ператвараецца ў найбольш папулярнае месца агітацыі за кандыдатаў на прэзыдэнта Беларусі.

У суботу, 19 верасьня тут найбольш шчыравалі прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі. Яна прынесьлі сюды сьцягі Белай Русі, фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, БРСМ. Непадалёк разьмясьціўся пікет Мікалая Ўлаховіча. Сяргей Гайдукевіч прыйдзе на Камароўку заўтра.

Сёньня пакупнікі, як звычайна выходзілі з адкрытага і крытага рынкаў. Каля пікетаў, хоць там і луналі сьцягі, і стаялі раскладныя столікі, і гучала музыка, амаль ніхто не спыняўся. Уражаньне, што абсалютную бальшыню людзей альбо абраньне прэзыдэнта не цікавіць наагул, альбо патэнцыйныя выбарнікі ўжо вызначыліся, за каго будуць галасаваць.

Магчыма, маюць рацыю і некаторыя сацыёлягі, якія кажуць, што бальшыня ўсё вырашае для сябе за дзён 7-10 да пачатку галасаваньня.

Андрэй Дзьмітрыеў

І тым ня менш, у выбарчым штабе Тацяны Караткевіч, якая сёньня паехала ў Слуцк і Салігорск, адмаўляцца ад пікетаў не зьбіраюцца. А вось зьмяніць форму агітацыі рыхтуюцца,— кажа Свабодзе кіраўнік штабу Андрэй Дзьмітрыеў:

«Мы з наступнага тыдня хутчэй за ўсё пачнём тэматычныя пікеты. Нават калі на іх ня будзе самой Караткевіч, бо яна мусіць езьдзіць па рэгіёнах. Яны будуць прысьвечаныя, напрыклад, эканоміцы. І тады на іх будзе Сяргей Чалы альбо нейкія іншыя давераныя асобы».

У камандзе Тацяны Караткевіч ёсьць актывісты, якія належаць да партыі левых «Справядлівы сьвет». Сёньня кіраўніцтва партыі на партыйным пленуме, які прайшоў у Менску, вырашыла, што ня будзе падтрымліваць ніводнага з чатырох прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта. Пра гэта Свабодзе паведаміў лідэр партыі Сяргей Калякін:

«У нас у рашэньні запісана — партыя не падтрымлівае ніводнага з зарэгістраваных кандыдатаў. Сябраў партыі сярод іх няма. І мы пакінулі сябрам партыі, як грамадзянам Рэспублікі Беларусь, разьвязаныя рукі. Мы не прымалі пэрсанальных рашэньняў.

Была прапанова — заклікаць галасаваць супраць усіх. Але тут узьнікае сьлізкі момант — праз такі заклік мы стымулюем яўку на выбарах. Таму гэты пункт у рашэньне не ўключылі.

Мы сканцэнтруем нашу ўвагу зараз на паказе тупіковасьці шляху дзейнай улады. Будзем замаўляць пікеты, праводзіць мітынгі, удзельнічаць у агітацыйнай рабоце. Пераважна будзем крытыкаваць палітыку Лукашэнкі. І натуральна, будзем гаварыць, што гэтыя выбары не зьяўляюцца свабоднымі і справядлівымі.

І яшчэ адзін важны пункт зь сёньняшніх рашэньняў — мы сканцэнтруемся на арганізацыі назіраньня за выбарамі».

Сяргей Калякін

Сяргей Калякін таксама сказаў, што падчас дыскусіі ўзьнікла пытаньне: а што рабіць з тымі партыйцамі, якія зараз працуюць у камандзе Тацяны Караткевіч? Паводле партыйнага лідэра, гэтае пытаньне нават ня ставілі на галасаваньне, бо вырашылі, калі людзі дапамагаюць Караткевіч, то перашкаджаць ім ня трэба.

Партыйнага кандыдата ад «Справядлівага сьвету» у сьпісе прэтэндэнтаў на найвышэйшую дзяржаўную пасаду ў Беларусі няма. Няма таму, што Сяргей Калякін ня здолеў падчас выбарчай кампаніі сабраць 100 тысяч подпісаў выбарнікаў у сваю падтрымку.

Леў Марголін

У падобнай сытуацыі апынуўся і Анатоль Лябедзька — лідэр яшчэ адной апазыцыйнай партыі. Палітычная рада АГП таксама вызначылася са сваім стаўленьнем да працягу выбарчай кампаніі, — адзначае намесьнік старшыні партыі Леў Марголін:

«Наша палітрада таксама прымала рашэньне, што мы ня будзем нікога падтрымліваць. Больш за тое, мы абіраем стратэгію ігнараваньня выбараў. Мы стараемся не ўжываць слова „байкот“, каб ня даць падставы для вынясеньня партыі папярэджаньня. Але разумець гэта трэба так — мы і самі ня пойдзем галасаваць. І іншых заклікаем падумаць пра гэта».

Пікет Тацяны Караткевіч

Леў Марголін гаворыць, што некаторыя актывісты АГП і зараз уваходзяць у каманду Тацяны Караткевіч:

«Мы падобную сытуацыю разглядалі яшчэ пяць гадоў таму, калі ўзьнікла пытаньне наконт Дзьмітрыева. І тады прыйшлі да высновы — калі працуе шараговы сябра партыі, то гэта яго асабістая справа. Бо партыя ёсьць партыя. А „Гавары праўду“, як ні круці, усё ж рух. Так, там ёсьць і нашы прадстаўнікі. Калі яны не займаюць ніякіх пасадаў у партыі, то мы на гэта глядзім даволі спакойна».