У рэпартажы Эўрарадыё з катэджу Гайдукевіча той прызнаецца журналісту Зьмтру Лукашуку, што набыў участак з домам у 93-м годзе за 22 тыс. даляраў.
«На маю заўвагу, што 22 тысячы даляраў у 1993 годзе былі вялізнай сумай, — піша Лукашук, — спакойна адказвае, што «ў тыя часы адзін шапік прыносіў за дзень тысячы тры прыбытку, ня тое што цяпер, таму не такая гэта і вялікая сума».
І сапраўды — 22 тысячы даляраў у 1993 годзе не былі ні вялікай, ні нават вялізнай сумай. У той час яны былі сумай калясальнай.
Калі я падзяліўся сваімі сумненьнямі ў фэйсбуку, атрымаў камэнтар: «Поўнасьцю з вамі згодны, бо ў мяне быў заробак 23 $ й працаваў я на „Інтэграле“ інжынэрам, а заробкі там былі не на апошнім месцы й сума ў 22 000 $ выглядала касьмічнаю».
У лістападзе 1992-га ў знак пратэсту супраць забароны Вярхоўным Саветам ініцыяванага БНФ рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах я сышоў з пасады сакратара парлямэнцкай камісіі па СМІ і правах чалавека (першая добраахвотная палітычная адстаўка ў новай Беларусі). На той момант мая зарплата была аж 40 даляраў. Пасада сакратара камісіі па зарплаце прыраўноўвалася да міністэрскай, такім чынам, у міністра былі тыя ж 40 даляраў. Потым заробак крыху паднялі, але не нашмат — у тым жа 1993 старшыня ВС Шушкевіч атрымліваў у эквіваленце 80 даляраў, старшыня Саўміну Кебіч — афіцыйна — крыху меней.
У 1993 годзе Гайдукевіч працаваў в.а начальніка Ўпраўленьня пры Савеце Міністраў па сацыяльнай абароне вайскоўцаў, асобаў шараговага і кіроўнага складу органаў унутраных спраў, вайскоўцаў-інтэрнацыяналістаў, звольненых у запас у (адстаўку) і членаў іх сем’яў. Пасада прыраўноўвалася, у лепшым выпадку, да намесьніка міністра. (У дужках заўважу, што гэта афіцыйная пасада, рэальна ж Гайдукевіч узначальваў пракебічаўскае «Народное движение Беларуси», якое было створана для супрацьстаяньня з БНФ і выступала за аб’яднаньне Беларусі і Расеі. Шматлікія выступы Гайдукевіча ў дзяржаўных СМІ вызначаліся агрэсіўным непрыманьнем Незалежнасьці, нацыянальнага Адраджэньня, беларускай мовы, дэмакратычных каштоўнасьцяў).
Натуральна, зарплата в.а. начальніка ўпраўленьня пры Савеце Міністраў ніяк не магла быць большай за заробак старшыні Савету Міністраў.
Дарэчы, ніякі шапік у 1993 годзе пры сярэднім заробку ў 20 даляраў не «прыносіў за дзень тысячы 3 прыбытку». Да нас пастаянна зьвярталіся прадпрымальнікі са скаргамі на бюракратычны ціск, таму я магу ўявіць іх даход — добра калі ён быў ў паўтысячы тых даляраў за месяц. Увогуле, ці разумее Гайдукевіч, пра што сьведчаць ягоныя словы пра шапікі? Дзяржчыноўнікам было забаронена займацца камэрцыйнай дзейнасьцю.
Канешне, шапікі тут ні пры чым.
А вось удзел у «карупцыйных схемах» — рээкспарце нафты, каляровых мэталаў і г.д. — даваў сапраўды гіганцкі прыбытак. За ўсё — і асабліва за ліцэнзіі на рээкспарт — браўся хабар, і немалы.
Памятаю, неяк я прывёў да аднаго з намесьнікаў Кебіча старшыню Чыгуначнага райвыканкаму Віцебска (там была мая выбарчая акруга, а дэпутатаў ВС прапускалі без чаргі), каб «выбіць» каналізацыйныя трубы. Пытаньне вырашылася за тры хвіліны. «Ты ведаеш, колькі бізнэсоўцы плацяць за уваход у такія кабінэты? — спытаў мяне старшыня райвыканкаму. — Стаўка пачынаецца ад трох тысяч даляраў».
Гэта Васілю Быкаву Лявон Баршчэўскі завозіў мех бульбы, бо не хапала пэнсіі, гэта Зянон Пазьняк атрымліваў 20 даляраў ў сваім інстытуце гісторыі Акадэміі Навук і на сэсію ВС езьдзіў на тралейбусе, а чынавенства актыўна скалачвала падмурак цяперашніх холдынгаў і карпарацый.
Ну а тыя, хто не належаў да чынавенства, мусілі даваць
Гэта Васілю Быкаву Лявон Баршчэўскі завозіў мех бульбы, бо не хапала пэнсіі, гэта Зянон Пазьняк атрымліваў 20 даляраў ў сваім інстытуце гісторыі Акадэміі Навук і на сэсію ВС езьдзіў на тралейбусе, а чынавенства актыўна скалачвала падмурак цяперашніх холдынгаў і карпарацый
хабар. І давалі — пачытайце прызнаньні цяперашніх «генэралаў бізнэсу», якім ў 90-х было 20-30 гадоў. Давалі хабар і тым самым, так ці інакш, умацоўвалі карупцыйную сыстэму, якая не дазволіла Беларусі стаць на дэмакратычны, эўрапейскі шлях. І якая, зь невялікімі пэрсанальнымі пературбацыямі, у 1994 перайшла пад Лукашэнку. І калі на першых (і адзіных сапраўдных) прэзыдэнцкіх выбарах 94 году Масква бачыла ў Лукашэнку правадніка сваіх інтарэсаў (больш энэргічнага, чым Кебіч), дык намэнклятура імгненна разгледзела ў ім абаронцу сваіх капіталаў (ну, зь невялікім пераразьмеркаваньнем з улікам прыходу новых людзей). Не памыліліся ні першыя, ні другія. Цяпер Маскве можна не турбавацца адносна разьмяшчэньня чарговай ваеннай базы. І калі пры Кебічу вяршыняй мары чыноўніка лічыўся асабняк за 22 тысячы даляраў, дык цяпер вымяраюць мільёнамi (а асабліва «набліжаныя» — мільярдамі).
Тут інтарэсы Масквы і праўладнага бізнэсу сышліся. Спалучаюцца яны і цяпер: гэтак званы вялікі бізнэс ня толькі пралукашэнкаўскі, але і — прарасейскі.
Зрэшты, пра гэты мэханізм нацыянальнай здрады Беларускі Народны Фронт казаў і тады.
«Дамінуючым стаў працэс пераразьмеркаваньня дзяржаўнай уласнасьці і фінансаў у прыватную ўласнасьць намэнклятуры. Для гэтага адпаведным чынам напісаны законы, прыняты шэраг падзаконных актаў, якія адчынілі дарогу неправавому, але «законнаму» рабаўніцтву дзяржаўнай маёмасьці, хабарніцтву і карупцыі. Усё гэта адначасна зь безагляднай палітыкай стрымліваньня і недапушчэньня рынкавых рэформаў... прывяло да стварэньня на Беларусі асноваў намэнклятурна-мафіёзнай дзяржавы з тыповай для яе канцэнтрацыяй багацьцяў у руках вузкага кола каляўладных асобаў, манапалізмам і імкненьнем да таталітарных формаў дзяржаўнага кіраваньня, што выявілася ў плянах стварэньня «прэзыдэнцкай дыктатуры».
Гэта цытата з прамовы старшыні БНФ Зянона Пазьняка на III Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі. 6 ліпеня, той самы 1993 год.