Лукашэнка паскардзіўся Пуціну на заяву Назарбаева, што ён «шпарыць парашок». Пуцін у адказ толькі пажартаваў.
Кіраўнікі Казахстану і Беларусі паспрачаліся з-за тэхнічных рэглямэнтаў Мытнага саюзу: Назарбаеў незадаволены тым, што ў Беларусі называюць малаком. Наконт адноўленага малака, якое ў рэглямэнтах называюць малаком, а не «малочным напоем», Назарбаеў казаў, што Лукашэнка «шпарыць туды парашок гэты, парашок разводзіцца і прадаецца».
Лукашэнка распавёў Пуціну пра заяву Назарбаева, паведамляе «Інтэрфакс»:
«Я вось тут прачытаў выступ нашага дарагога сябра Нурсултана Абішавіча з нагоды яго заклапочанасьці нейкім ненатуральным малаком ці яшчэ чымсьці, — кажа Лукашэнка Пуціну. — Па-першае, мы жывем у рынкавых умовах, і самы прасунуты рыначнік сярод нас, вы гэта бачыце і па праграмах, Нурсултан Абішавіч. Купляюць у Казахстане малако такое — ім туды і вязуць яго. Не купляюць — не павезьлі б».
Кіраўнік Беларусі сьцьвярджае, што такога азначэньня, як «ненатуральнае малако», няма, а «малочным напоем» называюць такі, у які дадаецца сок, ды што і Расея, і Беларусь «сушаць» малако:
«Калі пік малака падае, калі яго не хапае, Расея замаўляе ў Беларусі, — працягнуў Лукашэнка. — Мы часта купляем у Расеі гэтае малако, разводзім яго, гэта значыць дадаём ваду ў яго, і атрымліваецца нармалізаванае малако. Калі разважаеш на нейкую тэму і праблему, варта глыбей у ёй разабрацца».
На гэта Пуцін каротка адказаў: «Гэта ж ня піва, нашто вы разбаўляеце малако?.. Нурсултан Абішавіч разьлічваў на вашу рэакцыю, ён гэтага дамогся».